Бэтлеемскі агонь прывіталі ў мінскай архікатэдры (+фотарэпартаж) |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія |
21.12.2014 16:46 |
21 снежня ў мінскі архікатэдральны касцёл Імя Найсвяцейшай Панны Марыі прыбыў Бэтлеемскі агонь. Ва ўрачыстай цырымоніі прыбыцця агню прыняў удзел і Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Пасля ўнясення агню ў святыню распачалася святая Імша, якая завяршала трохдзённыя адвэнтавыя рэкалекцыі ў архікатэдральнай парафіі. Рэкалекцыі ў гэтым годзе праводзіў кс. Дзмітрый Пухальскі. Таксама Мітрапаліт распавёў прысутным аб сімволіцы і гісторыі пілігрымавання Бэтлеемскага агню. Арцыбіскуп адзначыў, што агонь называецца агнём міру і што запаленая свечка з'яўляецца сімвалам Хрыста.
«Сёння мы дакранаемся да агню, які прыбыў да нас з Бэтлеема, дзе цела сталася хлебам і дзе Сын Божы стаўся чалавекам. Бэтлеемскі агонь называецца Святлом міру і запальваецца ў Гроце Нараджэння Езуса Хрыста ў Бэтлееме. Бэтлеемскае Святло міру з’яўляецца сімвалам цеплыні, любові, міру і надзеі. Традыцыйна яго ставяць на вігілійным стале», — распавёў іерарх. Арцыпастыр нагадаў, што калісьці нават падчас вайны на Божае Нараджэнне ваюючыя бакі аб’яўлялі перамір’е. У гэтым годзе Бэтлеемскі агонь рапаўсюджваецца пад дэвізам «Супакой у нас». У Беларусь праз Славакію і Польшчу
У Беларусь Бэтлеемскі агонь прыбыў з Аўстрыі. Менавіта ў Вене распачалася гэта традыцыя прынясення агню з Бэтлеема. Упершыню гэта адбывалася па ініцыятыве радыё Аўстрыі і тэлебачання г. Лінца, як дабрачынная акцыя на карысць патрабуючых і дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі. Дзякуючы ўдзелу ў гэтай акцыі скаўтаў, Бэтлеемскі агонь распаўсюджваецца па ўсёй Еўропе. Агонь штогод прыносіцца з Бэтлеема ў катэдру ў Вене і перадаецца скаўтам суседніх краін, якія ў сваю чаргу перадаюць яго сваім суседзям і г.д. Такім чынам ён трапляе ў найбольш далёкія куткі Еўропы. У Беларусь агонь прыбыў праз Славакію і Польшчу. Паводле слоў Паўла Граковіча, начальніка cекцыі скаўтаў парафіяльных скаўцкіх груп Беларусі, прывезены ў Мінск агонь будзе перададзены ў восем сталічных парафій, а таксама «дойдзе» і да шэрагу парафій у Беларусі, сярод якіх у тым ліку Мар’іна Горка, Асіповічы, Магілёў, Барысаў, Івянец і інш.
На заканчэнне святой Імшы Мітрапаліт заахвоціў вернікаў узяць Бэтлеемскі агонь дадому і ставіць яго на вігілійны стол, каб сапраўдны Божы супакой панаваў у сэрцах людзей і каб яны сталі пратаганістамі гэтага супакою. «Няхай жа гэты агонь будзе сімвалам Езуса, які нараджаецца ў вашых сэрцах. І няхай надыходзячыя святы стануць сапраўдным духоўным супакоем для вас», — адзначыў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.
(DN), (AG), (JLS) Фота Аляксандры Шчыглінскай |
Фотарэпартаж |