Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Аплатковая сустрэча біскупа Юрыя Касабуцкага са служачымі, прадпрымальнікамі, архітэктарамі, будаўнікамі і працаўнікамі сельскай гаспадаркі (+фота)
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
21.12.2014 15:23

20 cнежня адбылася аплатковая сустрэча дапаможнага біскупа Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрыя Касабуцкага з дзяржаўнымі служачымі, прадпрымальнікамі, архітэктарамі, будаўнікамі і працаўнікамі сельскай гаспадаркі. Сустрэча прайшла ў касцёле св. Сымона і св. Алены ў Мінску.

Сустрэча пачалася святой Імшой, якую ўзначаліў біскуп Юрый Касабуцкі. У Імшы ўдзельнічаў таксама Апостальскі візітатар для грэка-католікаў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек.

 

У гаміліі падчас Імшы, кажучы пра Божае Нараджэнне, біскуп Юрый Касабуцкі нагадаў, што «Езус Хрыстус прыходзіць у гэты свет як маленькае бездапаможнае дзіцятка, Ён не абірае сабе вялікія палацы», але маленькую вёску Бэтлеем. Для прыйсця ў свет Божы Сын, як дадаў іерарх, абраў хлеў — месца, якое, з чалавечага пункту гледжання, можа здавацца не годным для Яго нараджэння, але якое на самой справе было «куточкам цішыні» сярод мітусні і руху жыцця.

Сённяшняе жыццё, па словах біскупа, нагадвае тое, што было дзве тысячы гадоў таму: «сучасны чалавек, падобна як чалавек таго часу, знаходзіцца ў віхуры, руху», але «нам, як і тагачасным людзям, патрэбны куточак цішыні, куточак, дзе мы маглі б сустрэць Езуса Хрыста». «Тады людзі былі занятыя кожны сваімі справамі і не заўважылі прыйсця Божага Сына: Яго заўважылі пастушкі, які сцераглі ўначы свой статак, у полі, дзе была цішыня», — нагадаў іерарх.

 

Біскуп падкрэсліў, што сучаснаму чалавеку таксама неабходна такая хвіліна сустрэчы з Богам, месца цішыні, унутранага супакою, бо «Бог прамаўляе ў цішыні ў нашым сэрцы». І кожная святыня, як адзначыў іерарх, з’яўляецца такім месцам цішыні, своеасаблівай атмасферы, дзе можна сустрэць Пана.

Пасля Імшы біскуп і ўсе ўдзельнікі сустрэчы падзяліліся аплаткай з нагоды набліжэння святаў Божага Нараджэння.

Звяртаючыся да сабраных, іерарх сказаў, што, дзелячыся па традыцыі аплаткай, «мы стараемся складаць адно цэлае, стараемся прабачыць адзін аднаму». «Мы не толькі прамаўляем словы віншаванняў, але адчуваем гэта перш за ўсё ўнутры сэрцаў, — дадаў біскуп. — Мы імкнемся прабачаць, пакінуць усё дрэннае ў мінулым».

Іерарх пажадаў усім прысутным, каб гэтыя святы спрыялі радасці, супакою паміж людзьмі, каб кожны з іх пастараўся ў гэты час прабачыць іншаму; пажадаў дзяліцца святочнай радасцю са сваімі роднымі, блізкімі. «Хрыстус прынёс нам сапраўдны супакой, а дакрануцца да гэтага супакою азначае прабачыць, палюбіць, зрабіць штосьці добрае», — адзначыў біскуп Юрый Касабуцкі.

Анастасія Грышан

 

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.