Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
У мінскім араторыі прайшлі рэкалекцыі «Разважанні аб добрай смерці»
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
22.12.2014 12:37

20-21 снежня ў араторыі імя св. Яна Боско ў Мінску (Серабранка) прайшлі рэкалекцыі РДС (Разважанні аб добрай смерці) для вучняў 8-11 класаў.

«Ты дар Божы» — так гучала тэма рэкалекцый. Моладзь з дапамогай кс. Паўла Шчарбіцкага SDB, с. Тэрэсы Сальнічак FMA, салезіянаў супрацоўнікаў і аніматараў разважала над сваім паходжаннем, місіяй і рашучасцю. У праграме рэкалекцый былі малітва, святая Імша, адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту, магчымасць прыступіць да сакрамэнту пакаяння, канферэнцыі, тэматычныя і забаўляльныя гульні. Стол на вячэру і сняданак маладыя людзі накрылі сумеснымі намаганнямі, падзяліўшыся тым, што кожны падрыхтаваў.  

У першы дзень моладзі было прапанавана паразважаць над сваёй місіяй, якая заключаецца ў трох словах:«Ты дар Божы». Дапамогай у разважанні былі ўрывак Евангелля паводле Мацвея 25, 14-30 і фільм «Цырк матылёў».

«ТЫ: Менавіта ты, чалавек, пакліканы Богам да жыцця, Ён запланаваў цябе і прычыніўся да Твайго стварэння сваёй усемагутнай рукой. Ты не адна з сотні авечак, але ты асаблівы, выбраны, ты індывідуальнасць, ты асоба. Бог паклікаў цябе да жыцця і даверыў табе маёмасць Сваю, даў табе таланты паводле тваіх магчымасцяў. Надзяліў цябе ўсім неабходным дзеля таго, каб быць шчаслівым. Табе даў два таланты, іншаму — пяць, а іншаму — адзін талант. Але гэты адзін, пяць альбо два таланты — гэта менавіта твая паўната. Ты — поўны ласкі.

ДАР: Ты падораны Богам тваім бацькам, тваім сябрам, кожнаму чалавеку, які датыкаецца шляху твайго жыцця. Іншы чалавек з’яўляецца таксама дарам Бога для цябе. Калі Бог падарыў цябе іншым, значыць ты патрэбны Богу, неабходны іншым, карысны, маеш сваю місію.

БОЖЫ: Творцам ДАРУ — цябе — з’яўляецца Бог. Значыць — ДАР добры, значыць ты добры. Ён стварыў цябе па вобразу Свайму, паглядзеў на цябе і сказаў, што ты добры. Бог гарант тваёй якасці. Памятай, хто ты! ТЫ ДАР! Памятай, чый ты! ТЫ БОЖЫ!» — такімі былі разважанні першага дня.

На другі дзень удзельнікі разважалі над рашучасцю. «Цяпер, калі ты ўсвядоміў, хто ты і чый, трэба рашуча і адважна памнажаць і дзяліцца сваім ДАРАМ, сабой. Кожны, паводле свайго стану, можа праявіць гэтую рашучасць у адпаведным асяроддзі, дзелячыся з сям’ёй, сябрамі, аднакласнікамі… паўнатой ласкі. Рашуча працаваць над сабой, быць добрым прыкладам для іншых, супрацьстаяць граху, быць абаронцам і сведкам веры… Каб памножыць і падзяліцца дарам, трэба не лкнавацца, шукаць падрымку ў іншых, мець добрую і моцную матывацыю і верыць у сябе, бо ў цябе верыць сам Бог. І тады, маючы пяць талантаў, прынясеш яшчэ пяць, маючы два — яшчэ два, маючы адзін — яшчэ адзін», — такімі былі разважанні другога дня рэкалекцый.

Паводле www.sdb.by

(AG)

 

 

Фота www.sdb.by

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.