23 снежня Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч узначаліў апошнюю раратнюю Імшу ў 2014 годзе, якая адбылася ў мінскім архікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі.
У гаміліі арцыпастыр звярнуў увагу на чытанні, якія Касцёл прапануе на гэты дзень. У першым чытанні прарок Малахія, прадказаваючы прыйсце Збаўцы, нагадвае аб тым, што Бог пашле свайго пасланца, які падрыхтуе Яму дарогу. Рэспансарыйны псальм кажа падняць галовы ўверх, бо Хрыстус надыходзіць. Евангелле гэтага дня распавядае аб нараджэнні прадвесніка Хрыста - св. Яна Хрысціцеля.
Мітрапаліт нагадаў, што ў чытанні Евангелля папярэдняга дня евангеліст Лука распавядае аб адведзінах Марыяй св. Альжбеты, якая распазнае, што ва ўлонні Марыі знаходзіцца Збаўца, які ў сваю чаргу адорвае свайго будучага Прадцечу ласкай вызвалення ад першароднага граху.
Евангелле ж гэтага дня апавядае пра цудоўнае нараджэнне Прадцечы і надання яму імя Ян, якога не было ў родзе яго бацькі Захарыі. Гэта, як адзначыў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, не адпавядала традыцыі і было дзіўна. Аднак такі выбар пацвердзіў сам Бог, бо Захарыя атрымаў страчаны раней дар мовы.
Мітрапаліт дадаў, што ў наш час імя Ян вельмі папулярнае ва ўсім свеце, яно азначае “Бог шчодры”, “дар”, “падарунак”, што адпавядае евангельскаму сцверджанню, што рука Пана была з ім.
“Сёння мы можам казаць, што святы Ян Хрысціцель стаў дарам для ўсяго чалавецтва, бо ён не толькі прарок, пасланец, але і прыклад нам, як быць верным свайму хрысціянскаму пакліканню, як на першае месца ставіць справу навяртання і падрыхтоўкі дарогі прыходзячаму Збаўцу, - адзначыў арцыпастыр. - Гэта фундаментальнае заданне для сучаснага чалавека, які з’яўляецца прагматыкам, давярае толькі сабе самому і ў сваім жыцці часта лічыць Божы закон абсурдам, што вядзе да шматлікіх крызісаў”.
“Пры нараджэнні Яна Хрысціцеля людзі пыталіся, кім будзе гэтае дзіця. Сёння Бог пытаецца ў нас, кім мы з’яўляемся і кім павінны быць”, - дадаў іерарх.
Кажучы пра тое, што ў Адвэнт “мы ўзгадваем Марыю, якая нарадзіла свету Збаўцу”, арцыбіскуп звярнуў увагу: “Касцёл кліча нас быць падобнымі да Яе і несці сучаснаму свету Езуса. Але Касцёл таксама кліча нас быць падобнымі да святога Яна Хрысціцеля, каб дапамагаць людзям рыхтаваць дарогу прыходзячаму Пану, бараніць духоўныя каштоўнасці, як гэта чыніў ён”.
Перафразуючы лацінскую прыказку “Sit finis libri, sed non finis querendi” (“Няхай будзе канец кнігі, але не канец даследаванняў”), Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч заахвоціў прысутных, каб з заканчэннем Раратаў не скончылася набажэнства да Марыі, каб яны заўсёды па Яе прыкладу згаджаліся з Божай воляй. Таксама іерарх заахвоціў вернікаў у сваім жыцці быць падобнымі да святога Яна Хрысціцеля і сваім хрысціянскім сведчаннем быць голасам, які кліча ў пустыні сучаснага секулярызму. (DN), (AG)
|