Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
«Езус, Божы дар чалавецтву, прыйшоў на зямлю, каб нас прывесці ў неба»: урачыстая Імша на Божае Нараджэнне адбылася ў мінскай архікатэдры
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
25.12.2014 02:38

Увечары 24 снежня Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч цэлебраваў урачыстую Імшу на Божае Нараджэнне ў архікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі ў Мінску. На Імшы сабраліся парафіяне мінскай архікатэдры, госці і вернікі з усяго горада.

У святой Імшы прынялі ўдзел шматлікія святары, Беларускую Праваслаўную Царкву прадставіў епіскап Бабруйскі і Быхаўскі Серафім. Каналам «Беларусь – 1» вялася прамая трансляцыя Імшы.

 

«Вось ізноў па Божай міласці мы святкуем адно з самых значных і любімых святаў — Божае Нараджэнне, — гэтымі словамі свайго паслання на Божае Нараджэнне звярнуўся Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч да сабраных. — Як шмат прыемных успамінаў і эмоцый выклікае ў нас гэтае свята. Мы ўспамінаем сваё дзяцінства, калі чакалі і не маглі дачакацца Калядаў; калі спяшаліся ў касцёл, каб заспяваць радаснае «Хвала на вышынях Богу, а на зямлі супакой людзям добрай волі» і пакланіцца Немаўлятку Езусу, які знаходзіўся ў яслях; калі пад святочна ўпрыгожанай ёлкай знаходзілі падарункі і доўга іх разглядалі».

«Праз служэнне Касцёла Езус прыходзіць да нас, і такім чынам Ён на ўсе часы застаецца падарункам, бо Яго любоў бязмежная, бо Ён — гэта Божая ласка сярод нас, гэта святло, якое ніколі не гасне і якое асвятляе цемру нашага жыцця, — падкрэсліў арцыпастыр. — Езус, як Божы дар чалавецтву, прыйшоў на нашу зямлю, каб нас прывесці ў неба. Ён цярпеў, каб нас выбавіць ад вечага цярпення. Ён памёр на крыжы, каб нас выратаваць ад вечнай смерці».

Па словах арцыбіскупа, «будучы дарам, Езус адначасова з’яўляецца заданнем для кожнага з нас, каб мы Ім жылі і адорвалі іншых»; «мы пакліканы несці святло Хрыста ў свет, які роспачліва патрабуе Божай любові»; «радуючыся з гэтага атрыманага ад Бога дару, мы павінны радавацца з перадавання Яго іншым асобам». «Нездарма Святы Айцец Францішак у галаву вугла служэння Касцёла ў сучасным свеце, у якім так шмат розных бедаў, няшчасцяў і трагедый, ставіць служэнне любові», — нагадаў Мітрапаліт.

 

Арцыпастыр дадаў, што сёлетняе свята Божага Нараджэння адзначаецца «ў асаблівы час гісторыі свету, у якім колькасць праблем і выклікаў не памяншаецца, але імкліва павялічваецца». «Сёння нашы вочы скіраваны на гэтае малое Дзіця, якое нарадзілася для нас і для нашага збаўлення, — звярнуў увагу іерарх. — Цяпер мы перажываем рашучы момант гісторыі хрысціянства, калі трэба сказаць наша рашучае «так» Богу і Евангеллю, бараніць прынцыпы нашай веры, як гэта рабілі нашы продкі ў ранейшыя часы, асабліва ў часы ганенняў».

Мітрапаліт нагадаў таксама, што ў апошнія гады «падрыхтоўка да святаў Божага Нараджэння адзначаецца камерцыйнасцю»: «Яшчэ далёка перад Калядамі, амаль што з урачыстасці Усіх Святых, гэта значыць з 1 лістапада, магазіны ўпрыгожваюцца ёлкамі, запальваецца святочная ілюмінацыя і распачынаецца калядны распродаж. Нярэдка гэта суправаджаецца адпаведнай музыкай. Такім чынам Адвэнт страчвае сваё першапачатковае значэнне быць часам духоўнай падрыхтоўкі да святаў Божага Нараджэння».  

 

«Падобна было і дзве тысячы гадоў таму, калі Езус нарадзіўся ў Бэтлееме. Юдэя была акупавана рымскімі войскамі. Згодна з загадам імператара цяжарная Марыя разам з Юзафам накіравалася ў Бэтлеем на перапіс насельніцтва. У такіх абставінах, калі натоўпы людзей ішлі ў розныя гарады, а гандляры таксама выкарыстоўвалі нагоду, каб зарабіць, у вялікай пакоры ў стайні для жывёлаў прыйшоў на свет Збаўца. Там Бог стаўся такім, якімі мы з’яўляемся. Свет тады не заўважыў і не зразумеў важнасці падзеі, якая адбылася, падобна як сёння ён не заўважае і не разумее сапраўднага сэнсу Калядаў. Каб гэта адбылося, мы павінны прыняць праўду нашай веры аб уцелаўленні Бога і стаць яе пасланцамі», — падкрэсліў арцыбіскуп.

«Анёлы сказалі пастушкам: «Не бойцеся!» (Лк 2, 10) Сёння Касцёл паўтарае гэтыя словы: «Не бойцеся! Бог сёння нам дае свайго Сына, каб быў святлом, якое асвятляе нашыя складаныя жыццёвыя шляхі. Прымем Яго, каб на Яго Евангеллі будаваць наша жыццё». Толькі тады мы зможам стаць такімі, якім з’яўляецца Бог», — заўважыў Мітрапаліт.

«Беларусь, не бойся прыняць Хрыста, не бойся жыць Ягонай праўдай, бо ў Ім наша збаўленне, наша радасць, шчасце і надзея!» — дадаў арцыпастыр.

Мітрапаліт павіншаваў усіх на беларускай, рускай, польскай, літоўскай, латышскай, украінскай, нямецкай, італьянскай, іспанскай, французскай і англійскай мовах.

На заканчэнне арцыпастыр падзякаваў святарам за іх працу ў перыяд Адвэнту, споведзь, рэкалекцыі, наведванне хворых; падзякаваў усім, хто прыняў удзел у падрыхтоўцы ўрачыстай Імшы; прадстаўніку Праваслаўнай Царквы епіскапу Бабруйскаму і Быхаўскаму Серафіму; прадстаўнікам дзяржаўнай улады за дасланыя віншаванні; службам парадку. Іерарх звярнуўся таксама да ўсіх сабраных у архікатэдры з падзякай за прысутнасць і малітвы, сказаўшы: «Гэта знак таго, што вы хочаце, каб Бог сваёю ласкай нараджаўся ў вашых сэрцах. Жадаю, каб цуд Бэтлеемскай ночы як мага часцей паўтараўся ў вашым жыцці і каб над вамі ўсімі і над нашай Бацькаўшчынай заўсёды ззяла Бэтлеемская зорка».

Пасля заключнага благаслаўлення адбылося асвячэнне аплатак. Мітрапаліт і ўсе прысутныя падзяліліся імі ў знак еднасці і склалі адзін аднаму віншаванні.

 

 

 

(AG)

Фота Аляксандры Шчыглінскай 

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.