Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
У свята св. Стэфана, першамучаніка, Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч цэлебраваў Імшу ў архікатэдры
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
26.12.2014 20:09

У другі дзень святаў Божага Нараджэння, 26 снежня, калі Касцёл успамінае першага мучаніка св. Стэфана, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч цэлебраваў вячэрнюю святую Імшу ў мінскім архікатэдральным касцёле.

У гаміліі арцыбіскуп падкрэсліў, што існуе вялікі кантраст паміж першым і другім днём святаў Божага Нараджэння. У першы дзень, як патлумачыў іерарх, колер літургічных адзенняў — урачысты белы, у другі — чырвоны, як знак крыві і мучаніцтва. У першы дзень святкуецца нараджэнне новага жыцця, нараджэнне Езуса Хрыста; у другі — успамінаецца смерць святога Стэфана. Аднак, па словах Мітрапаліта, «у святле праўды Уваскрасення Хрыста гэтая смерць з’яўляецца не чым іншым, як нараджэннем да вечнага жыцця, таму свята святога Стэфана, першамучаніка, арганічна ўключаецца ў святкаванне Божага Нараджэння».

Арцыпастыр падкрэсліў, што шлях нараджэння да вечнага жыцця нярэдка з’яўляецца шляхам мучаніцтва. Езус сказаў: «Мяне пераследвалі і вас будуць пераследваць», і гэта пацвярджае мучаніцкая смерць святога Стэфана.

Іерарх нагадаў, што Стэфан быў адным з першых сямі дыяканаў, галоўным заданнем якіх было ажыццяўленне дабрачыннай дзейнасці, якой спадарожнічала абвяшчэнне Евангелля і дапамога святарам пры цэлебрацыі Эўхарыстыі. Апостальскія дзеі нагадваюць аб тым, што святы Стэфан з такой моцай абвяшчаў Добрую Навіну аб Езусе ўкрыжаваным і ўваскрослым, што ніхто не мог яму супярэчыць, у выніку чаго ён быў укаменаваны і стаў першым мучанікам у гісторыі хрысціянства.

Прыкметна, як адзначыў Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч, тое, што святы маліўся за тых, хто яго каменаваў, просячы Езуса, каб дараваў ім іх грэх, і як быццам паўтарыў словы самога Хрыста з дрэва крыжа: «Ойча, даруй ім, бо не ведаюць, што чыняць»; і калі ён так маліўся, то ўбачыў адчыненае неба.

«З гэтага мы павінны зрабіць вельмі важную выснову, што прабачэнне нашым вінаватым з’яўляецца шляхам да нябеснай хвалы», — дадаў Мітрапаліт.

Іерарх падкрэсліў, што мучаніцтва святога Стэфана таксама сведчыць аб тым, што быць хрысціянінам нялёгка і за захаванне вернасці хрысціянскаму пакліканню часамі трэба плаціць крывёй. Так было, па словах арцыпастыра, у першыя тры стагоддзі хрысціянства, «калі ў Еўропе і нават у Афрыцы ўзніклі калізеі — месцы, дзе багатыя язычнікі забаўляліся са смерці хрысціян»; «так было шмат разоў на працягу ўсёй гісторыі хрысціянства»; «так было і на нашай зямлі, калі цягам трох пакаленняў атэістычны рэжым пераследаваў вернікаў усіх канфесій і рэлігій, у тым ліку хрысціян». «Тады тысячы і тысячы хрысціян сваю вернасць Хрысту засведчылі мучаніцкай крывёй. Сярод іх былі і жывыя мучанікі, такія, як, напрыклад, наш зямляк кардынал Казімір Свёнтэк», — нагадаў Мітрапаліт.

Арцыбіскуп прыгадаў таксама словы Тэртуліяна, што «кроў хрысціян — гэта насенне хрысціянства». «І гэтае насенне дае свае плёны. Касцёл у нашай краіне адраджаецца, хаця гэты працэс нялёгкі і на яго шляху шмат перашкодаў. Гэта найперш секулярныя тэндэнцыі сучаснага свету, якія выпіхваюць рэлігію з публічнага жыцця і імкнуцца абмежаваць дзейнасць Касцёла толькі да сакрыстыі, гэта азначае каб Касцёл у сваёй дзейнасці не выходзіў па-за сцены святыні. Такая ідэалогія імкнецца з хрысціянства ўчыніць нейкі закрыты клуб ці гетта», — адзначыў іерарх.

У той жа час, дадаў арцыпастыр, «Хрыстус заклікаў хрысціян быць Яго сведкамі ў публічным жыцці», і «гэтае сведчанне з’яўляецца найбольш эфектыўным спосабам евангелізацыі».

Мітрапаліт звярнуў увагу, што ў апошнія часы з’явілася яшчэ адна праблема — «пераслед хрысціянскай меншасці ў краінах з іншай культурай і рэлігіяй»: «так, у мінулым годзе ў свеце загінула крыху больш за сто тысяч хрысціян, віна якіх было ў тым, што яны хрысціяне». «Такім чынам, хрысціянства сёння становіцца найбольш пераследуемай рэлігіяй. Наш час — гэта час Стэфанаў ХХІ стагоддзя. Таму неабходна маліцца не толькі аб нашым навяртанні, але аб свабодзе веравызнання», — сказаў іерарх.

Арцыбіскуп нагадаў, што па традыцыі ў свята св. Стэфана ў нашых касцёлах благаслаўляецца авёс. «Вядома, што авёс выкарыстоўваецца ў харчовай прамысловасці. Усім добра вядомыя аўсяныя камякі. Авёс таксама выкарыстоўваецца як ежа для коней, апекуном якіх з’яўляецца святы Стэфан. У старажытнасці благаслаўлёны авёс дабаўлялі ў збожжа, каб быў добры ўраджай. Таксама ім абсыпалі верных, калі яны выходзілі з касцёла, што сімвалізавала бічаванне святога Стэфана, — распавёў Мітрапаліт. — У старажытнасці конь лічыўся магутнай жывёлай. Цяпер іншыя часы, змяншаецца колькасць коней і яны замяняюцца машынамі і трактарамі. Нехта нават пажартаваў, што сёння трэба благаславіць бензін, а не авёс. Як калісьці авёс выкарыстоўваўся для кармлення коней, каб яны мелі моц, то сёння, каб аўтамабіль мог ехаць, неабходны бензін».

«Так ці інакш, святы Стэфан быў моцны духам, і гэтая моц учыніла яго святым. Авёс дае моц коням, а Божая ласка — людзям», — дадаў арцыпастыр.

Кажучы аб тым, што сучасны свет бічуе хрысціянства, Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч заклікаў вернікаў браць прыклад са святога Стэфана і карміцца «аўсом Божай ласкі», каб быць духоўна моцнымі.

(DN), (AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.