Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч падзяліўся аплаткай з дзецьмі
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
27.12.2014 14:24

27 снежня адбылася аплатковая сустрэча Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча з дзецьмі. У межах сустрэчы іерарх цэлебраваў святую Імшу ў мінскай парафіі Св. Яна Хрысціцеля.

На пачатку гаміліі арцыпастыр прыгадаў сабраным, што ў гэты дзень Касцёл адзначае свята св. Яна, Апостала і Евангеліста. Іерарх нагадаў, што святы Ян быў малодшым братам апостала Якуба і яны абодва былі галілейскімі рыбакамі. Ян разам з Пятром і Якубам меў магчымасць быць сведкам цуду ўваскрашэння з памерлых дачкі Яіра, Перамянення Пана на гары Табор і малітвы Езуса ў Гетсіманскім садзе. Ён таксама быў любімым вучнем Езуса. Мітрапаліт прыгадаў словы Евангелля паводле Яна аб тым, што Езус прыйшоў да сваіх, але свае Яго не прынялі, і Езус нарадзіўся не ў прыгожым доме ці шпіталі, але ў простым хляве для хатніх жывёлаў.

У асобе апостала Яна Езус, па словах іерарха, з дрэва крыжа аддаў чалавецтва ў апеку Найсвяцейшай Панне Марыі. Ян напісаў Евангелле, два Пасланні і Кнігу Апакаліпсіса. З-за містычнага і тэалагічнага сімвалізму кніг Евангелля і Пасланняў, якія ён напісаў, яму быў дадзены сімвал арла, які глядзіць на сонца.

«Глядзець на сонца вельмі цяжка. Ян заклікае глядзець на ніколі не заходзячае сонца — Езуса. Гэта нялёгка, бо глядзець на Езуса азначае жыць Божай праўдай і духам Евангелля», — адзначыў Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч.

Арцыбіскуп дадаў, што Евангелле паводле Яна прадстаўляе Езуса як Сына Божага і Месію, якога ўсе чакалі і які прыйшоў на зямлю, каб быць Богам з намі. Сваё вучэнне святы Ян базуе на любові Бога да чалавека, і менавіта таму кажа, што Бог ёсць любоў. Святы Ян вельмі моцна акцэнтуе словы Езуса: «Як Я палюбіў вас, таксама і вы любіце адзін аднаго».

Святы Ян, як нагадаў Мітрапаліт, быў адзіным з апосталаў, які не памёр мучаніцкай смерцю. У вельмі пажылым узросце святы часта паўтараў словы: «Дзеці, любіце адзін аднаго», а на пытанне людзей, чаму ён так чыніць, адказваў, што Бог ёсць любоў і мы павінны следаваць Ягонай любові.

Далей Мітрапаліт працягнуў гамілію ў форме дыялогу з дзецьмі. Іерарх пытаўся ў іх аб Нараджэнні Езуса: дзе Ён нарадзіўся; хто першы наведаў Езуса, а хто потым; кім былі пастушкі і Тры Каралі і г.д.

Дзеці вельмі добра адказвалі на пастаўленыя пытанні. Арцыбіскуп пахваліў іх, падзякаваў і пажадаў узрастаць не толькі ў гадах і ведах, але таксама ў ласцы ў Бога і людзей.

Пасля Імшы ў салезіянскім моладзевым цэнтры адбылася аплатковая сустрэча Мітрапаліта з дзецьмі, якая суправаджалася вясёлымі гульнямі, танцамі, конкурсамі і раздачай падарункаў.  

(DN), (AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.