Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Для малодшых парафіянаў Рудзенска і Мар’інай Горкі св. Мікалай прывёз падарункі на кані
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
29.12.2014 12:48

З нагоды святаў Божага Нараджэння 28 снежня ў парафіі Рудзенска і Мар’інай Горкі дзяцей парафіянаў павіншавалі незвычайным спосабам — падарункі былі ўручаны «святым Мікалаем», які завітаў да касцёла на кані.

Пра гэту радасную падзею ў жыцці малодшых вернікаў паэтычна і вобразна распавядае катэхетка мясцовых парафій — Сняжана Буцук:

 

«Калі ліхтары запальваюцца адразу перад вячэрай, снег хавае дарогі і паветра насычана пахам ялінак, а снежань рассыпаецца мішурой і канфеці, — прыходзіць цёплая, утульная, нетаропкая радасць. І ў гэтыя асаблівыя дні, калі мы святкуем Божае Нараджэнне, цёпла і прыемна не толькі ад запаленых свечак, ад пажаданняў і аплатковых сустрэч. Гэта той час, калі сэрца кожнага напоўнена нейкім непаўторным трапятаннем і чаканнем. Чаканнем гэтага найбольшага Цуду, калі Божы Сын стаў звычайным чалавечым немаўляткам. А дзеці, адорваючы Нованароджанага сваімі чыстымі сэрцамі і годнымі справамі, безумоўна, і самі чакаюць падарункаў.

Святы Мікалай сярод усіх святых і благаслаўлёных — хіба што найбольш любімы дзецьмі. З хваляваннем чакалі маленькія парафіяне яго прыезду. І вось прыйшоў той дзень, калі святы завярнуў у сваім падарожжы у касцёл святога Антонія Падуанскага ў Мар’інай Горцы.

Навучэнцы катэхетычныга класа з задавальненнем расказвалі доўгачаканаму госцю малітвы, вершы, адказвалі на пытанні, дзяліліся планамі на вакацыі. Дзеці паказвалі падрыхтаваныя ўрыўкі з тэатралізаваных святочных сцэн, прысвечаных Божаму Нараджэнню.
 
Звяртаючыся да малых парафіянаў, святы Мікалай вучыў іх дзяліцца дабрынёй, заахвочваў дзетак дабром перамагаць зло і быць удзячнымі Богу за бацькоў, выхавацеляў, настаўнікаў, а таксама за штодзённыя абавязкі і справы.

Напрыканцы сустрэчы малодшыя парафіяне атрымалі падарункі з прысмакамі і цацкамі ад святога Мікалая. Галоўны сюрпрыз чакаў іх перад касцёлам. Спяваючы пра калядны вазок, хлопчыкі і дзяўчынкі не ўяўлялі, што гэты вазок, а, дакладней кажучы запрэжаная белым конікам сапраўдная карэта святога Мікалая, будзе катаць іх па гародзе!



Пасля сустрэчы ў Мар’інай Горцы святы Мікалай завітаў у непадалёку размешчанае мястэчка Рудзенск, каб пабачыць парафіянаў і паглядзець на стан будоўлі касцёла святых Апосталаў Пятра і Паўла. Павіншаваўшы прысутных са святамі Божага Нараджэння і перадаўшы падарункі дзецям, госць сардэчна развітаўся і паехаў у іншыя месцы, дзе яго чакаюць дзеці і дарослыя.  А мы доўга махалі на развітанне яму ўслед, просячы, каб у наступным годзе ён таксама нас не абмінуў».

(AYU)

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.