Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Адбылася аплатковая сустрэча святароў, якія нясуць служэнне ў Мінску
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
30.12.2014 15:38

30 снежня ў мінскім касцёле св. Сымона і св. Алены ў межах святкавання Божага Нараджэння прайшла аплатковая сустрэча святароў, якія нясуць служэнне ў Мінску. У сустрэчы прынялі ўдзел Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч і дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі.

У межах сустрэчы арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч узначаліў святую Імшу.

У гаміліі, звяртаючыся да літургічных чытанняў шостага дня ў актаве Божага Нараджэння, іерарх нагадаў, што рэфрэн рэспансарыйнага псальма заклікае да радасці нябёсаў і вяселля зямлі. «Сапраўды, нябёсы радуюцца, бо бязмежны ў сваёй міласэрнасці Бог прыйшоў на гэтую зямлю, каб, прыняўшы вобраз чалавека, збавіць таго ж чалавека, — адзначыў арцыпастыр. — Бог стварыў чалавека для жыцця, а не для смерці». Іерарх дадаў, што пасля першароднага граху чалавецтва «знаходзілася ў стане духоўнай смерці і толькі Збаўца мог яго адтуль вывесці»; «нараджэнне Збаўцы звеставала эпоху збаўлення і вяртання з духоўнай смерці да духоўнага жыцця, якое з’яўляецца гарантыяй вечнага жыцця».

«Весяліцца таксама і зямля, бо чалавек, які знаходзіўся ў краіне духоўнай цемры, убачыў вечнае святло, — дадаў Мітрапаліт. — Калі пасля доўгай ночы прыходзіць дзень, то чалавек радуецца. Таксама чалавецтва радуецца, бо завяршылася доўгая ноч адвэнтавага чакання і Збаўца прыйшоў у гэты свет».

Арцыпастыр нагадаў, што, аднак, Адвэнт працягваецца, бо «мы чакаем новага прыйсця Хрыста ў славе і таму павінны заўсёды чуваць, бо не ведаем, калі Ён прыйдзе».

Прыкладам у гэтым, па словах арцыбіскупа, павінна быць прарочыца Ганна з Евангелля, якое Касцёл прапануе на шосты дзень актавы Божага Нараджэння. Ганна не адыходзіла ад святыні, постам і малітвай служачы Богу ўдзень і ўначы, чувала, і яе чуванне было ўзнагароджана: у Ерузалемскай святыні яна ўбачыла Немаўлятка Езуса, якога Марыя з Юзафам прынеслі, каб ахвяраваць Богу.

Мітрапаліт звярнуў увагу, што Евангелле кажа і аб тым, што ў той час у Ерузалемскай святыні знаходзіўся і старац Сімяон, які таксама чакаў Збаўцу. Натхнёны Святым Духам, ён убачыў у прынесеным Марыяй і Юзафам Немаўляці Збаўцу і праслаўляў за гэта Бога.



«Сённяшняе Евангелле прадстаўляе сустрэчу паміж маладым і старэйшым пакаленнямі. Маладая пара з дзіцём прыходзіць у святыню і спатыкае там старых Сімяона і Ганну. Гэтая сустрэча стала благаслаўленнем для гэтых двух паканенняў. Маладосць была ўзнагароджана ласкай прысутнасці старэйшага пакалення, якое нясе ў свет мудрасць і жыццёвы вопыт; старэйшае — ласкай прысутнасці маладосці, якая з’яўляецца новай надзеяй», — падкрэсліў іерарх.

Мітрапаліт распавёў прысутным, што, калі ў 1990 г., у дзень першых прыёмных экзаменаў у гродзенскую семінарыю, прыехаў у бернардынскі касцёл, то застаў там старога і вельмі заслужанага святара, ксяндза прэлата Міхала Арановіча, у слязах. Калі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч спытаў у яго, у чым справа, той адказаў, што кожны дзень цэлебруе святую Імшу і ведае людзей, якія прымаюць у ёй удзел, — але ў гэты дзень у касцёл адзін за адным пачалі заходзіць маладыя юнакі, і ён адразу зразумеў, што гэта кандыдаты ў семінарыю. У яго на вачах з’явіліся слёзы, але гэта былі слёзы радасці. Яму хацелася паўтарыць словы старца Сімяона, што яго вочы ўбачылі збаўленне, бо здавалася, што са смерцю апошняга святара настане канец Касцёла на гэтых землях, а тут з’явіліся новыя кандыдаты ў святарства.


Звяртаючыся да святароў, Мітрапаліт нагадаў, што з завяршэннем Адвэнту не павінна завяршыцца іх асабістае чуванне і заклік да вернікаў чуваць і быць гатовымі ўбачыць прыходзячага Пана. Ён, па словах арцыпастыра, прыходзіць праз паслугу Касцёла, прысутны ў Божым слове, сакрамэнтах, дабрачыннасці і іншым служэнні Касцёла. Самай вялікай трагедыяй, як дадаў іерарх, з’яўляецца тое, што Бог праходзіць побач, а сучасны чалавек вельмі часта Яго не бачыць.

Арцыбіскуп заклікаў святароў учыніць усё магчымае, каб людзі бачылі Бога і жылі згодна з Яго законам. «Для гэтага неабходна аб’яднаць высілкі вопытных старэйшых святароў і маладых, каб наша пастырства было больш эфектыўным і каб мы давалі людзям прыклад еднасці, у якой наша сіла», — адзначыў Мітрапаліт.

(DN), (AG)

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.