У Мядзелі адзначылі 25-годдзе аднаўлення святыні |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія |
30.12.2014 12:02 |
28 снежня, у свята Святой Сям’і, у парафіі Маці Божай Шкаплернай у Мядзелі прайшло святкаванне 25-годдзя аднаўлення дзейнасці касцёла пасля шматлікіх ганенняў і пераследу. Святую Імшу ўзначаліў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі. У гаміліі іерарх звярнуў увагу на ролю веры, надзеі і любові ў сямейным жыцці, а таксама ўзгадаў пра цяжкасці, з якімі вернікі сутыкаліся і сутыкаюцца пры вяртанні святыняў. Біскуп заахвоціў да бязмежнай веры ва ўсемагутнасць Божай волі і да няспыннай надзеі ў хрысціянскім жыцці. Напрыканцы Імшы біскуп благаславіў абразы Маці Божай Шкаплернай, якія пазней уручыў тым, хто ад самага пачатку спрыяў сваёй працай і намаганнямі вяртанню мядзельскага касцёла вернікам. Намаганнямі вернікаў у святыні была падрыхтавана фотавыстава з гісторыі касцёла. Ва ўрачыстасці прынялі ўдзел таксама дэлегат правінцыяла кармэлітаў босых у Беларусі і ранейшы пробашч парафіі а. Аркадзь Куляха OCD, мясцовы дэкан кс. Багуслаў Маджэеўскі, айцы і браты кармэліты. Першы пробашч вернутага касцёла а. Аўгустын Квяткоўскі, які нясе сёння душпастырскае служэнне ў ЗША, скіраваў да прысутных сваё братэрскае пасланне. Пробашч парафіі а. Павел Леліто OCD выказаў надзею, што гэтая святыня назаўсёды будзе жывой верай яе парафіян. На заканчэнне моладзь парафіі прадставіла канцэрт каляднай песні і вершаў. А. Юрый Кулай OCD |
Фотарэпартаж |