Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч узначаліў Імшу ў мінскай архікатэдры ў дзень свайго нараджэння
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
03.01.2015 20:41

3 студзеня, у дзень свайго нараджэння, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч узначаліў вячэрнюю святую Імшу ў мінскім архікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі.

У гаміліі арцыпастыр звярнуўся да чытанняў з II Нядзелі пасля Божага Нараджэння, асабліва Евангелля, якое вельмі моцна падкрэслівае праўду аб Уцелаўленні Сына Божага. Пры гэтым іерарх звярнуў увагу на тое, што Евангелле II Нядзелі пасля Божага Нараджэння тое ж самае, як і Евангелле, якое Касцёл прапануе вернікам падчас дзённай святой Імшы на ўрачыстасць Нараджэння Пана.

“Адвечнае Слова стала Целам, каб Бог быў блізка да чалавека, каб можна было Яго бачыць, каб Ён мог спадарожнічаць чалавеку на яго зямных шляхах і каб дапамагаў яму, - адзначыў Мітрапаліт. - Таму праўда аб Богаўцелаўленні з’яўляецца фундаментальнай праўдай гісторыі збаўлення”.

“Народжаны 2 тысячы гадоў таму ў Бэтлееме Езус сёння нараджаецца праз служэнне Касцёла, бо Касцёл – гэта Езус, які жыве ў часы і прасторы, - дадаў арцыбіскуп. - Нам толькі неабходна Яго прыняць, каб Ён мог валадарыць у нашых сэрцах. Мы не павінны быць падобнымі да габрэяў таго часу, калі Сын Божы прыйшоў да сваіх, а свае Яго не прынялі”.

Арцыпастыр таксама нагадаў вернікам, што 3 студзеня Каталіцкі Касцёл успамінае Імя Езуса. “Кожны чалавек мае сваё імя, якое таксама мае сваю сімволіку і значэнне. На пачатку каляндарнага года Касцёл звяртае нашу ўвагу на Імя Езус”, - сказаў іерарх.

Мітрапаліт прыгадаў, што імя “Езус” паходзіць ад лацінскага імені, якое гучыць гэтак жа і, у сваю чаргу, паходзіць ад грэчаскага імені “Іісус”. Па словах іерарха, пераклад і транслітарацыя гэтага імені прыцямнілі яго сапраўднае значэнне, якое яно мела 2000 гадоў таму. На арамейскай мове гэтае імя гучала як Ешуа, гэта было прывычнае ў тыя часы імя, яно часта выкарыстоўвалася ў Старым Запавеце, і малады Езус, напэўна, меў сваіх цёзак, дадаў арцыпастыр. Аднак гэтаму імені, нагадаў Мітрапаліт, уласціва вялікая святасць і на арамейскай мове яно азначае Бог вызваляе.

“І сапраўды, у Езусе Бог вызваліў чалавецтва з палону граху. Таму мы павінны памятаць аб гэтым Імені, яго праслаўляць і яму пакланяцца. Нездарма святы апостал Павел кажа, што Імя Езус - найвышэйшае Імя, не таму, што слаўнае, але таму, што яно ўказвае на Бога, які прыняў вобраз чалавека і схіліўся над ім, каб вызваліць ад граху, - адзначыў арцыбіскуп. - Такім чынам, Імя Езуса вядзе нас да Бога. Гэтаму Імені пакланяецца кожнае калена ўсіх істотаў зямных і незямных”.

“Нашы імёны таксама маюць сваё значэнне і сімволіку. Іх мы атрымліваем падчас сакрамэнту хросту, каб мець свайго нябеснага заступніка і з яго дапамогай несці ў свет Імя Езуса, - дадаў іерарх. - Кожнае хрысціянскае імя ўпісваецца ў Імя Езуса, што нас абавязвае да адпаведнага хрысціянскага жыцця”. Нагадаўшы, што ў першы дзень новага года вернікі разважалі над Пасланнем Папы Францішка на Сусветны дзень міру на тэму “Ужо не рабы, але браты”, арцыпастыр падкрэсліў: “Сярод многіх формаў сучаснага рабства, якое існуе ў свеце, найбольш частым і небяспечным з’яўляецца грахоўнае рабства. Замест таго, каб быць свабоднымі, мы самі сябе заганяем у гэтае рабства. Каб вызваліцца з яго, неабходна заклікаць Імя Езуса, які нас вызваляе”.

Мітрапаліт завяршыў гамілію малітоўным заклікам: “Вечны Божа, Ты даў свайму Уцелаўлёнаму Сыну Імя Езус, каб быў для чалавецтва знакам збаўлення. Умацуй у нашых сэрцах любоў да Яго, каб Ён заўсёды быў прысутным у нашым жыцці і вёў нас дарогай збаўлення”.

(DN), (AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.