Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
У Рубяжэвічах адбылася Імша на 30-ы дзень пасля смерці кс. Рычарда Юніка
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
03.01.2015 16:43

3 студзеня ў Рубяжэвічах адбылася святая Імша на 30-ы дзень пасля смерці кс. Рычарда Юніка, шматгадовага пробашча мясцовай парафіі Святога Юзафа. Эўхарыстыю ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

У Імшы ўдзельнічалі дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі, святары і шматлікія вернікі, якія прыйшлі ўшанаваць памяць сваго спачылага пробашча, які служыў у рубяжэвіцкай парафіі амаль 35 гадоў.

На пачатку Імшы Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч павіншаваў сабраных са святамі Божага Нараджэння і Новым годам. Арцыпастыр пажадаў ім, каб Хрыстус заўсёды нараджаўся сваёй ласкай у іх сэрцах і каб новы год быў часам адкрыцця сэрцаў на прыйсце Хрыста ў Божым слове, сакрамэнтах і іншай дзейнасці Касцёла.



 

Арцыбіскуп узгадаў памерлага месяц таму кс. Рычарда Юніка, адзначыўшы, што спачылы святар амаль 35 гадоў мужна стаяў на варце веры, перадаваў яе людзям і ўмацоўваў. “Упершыню за апошнія тры з паловай дзесяцігоддзі рубяжэвіцкія вернікі сустрэлі Божае Нараджэнне без святара, які быў з імі ўвесь гэты час – час ганенняў на Касцёл і час яго адраджэння, - сказаў Мітрапаліт. - Пасеянае ім Божае слова сёння дае свае ўсходы, і, напэўна, ужо з іншага свету ён радуецца, што Хрыстус прыходзіць да людзей”.

Іерарх адзначыў, што Рубяжэвічы вядомыя дзякуючы аптэцы з лекамі з рознага зелля. Але тут, па словах арцыпастыра, ёсць і “духоўная аптэка – гэта касцёл, у якім духоўным аптэкарам быў ксёндз Рычард Юнік”: “тут ён даваў людзям лекі ад духоўнай хваробы граху”.

Арцыбіскуп дадаў, што найлепшай удзячнасцю памерламу кс. Рычарду будзе малітва, і заклікаў вернікаў да малітвы за яго, каб ён “прабываў у нябесным Ерузалеме, да якога на працягу свайго жыцця вёў людзей”.

Гамілію прамовіў біскуп Юрый Касабуцкі. “Заўсёды, калі перажываем смерць чалавека, мы адчуваем смутак, - аднак гэта таксама нагода, каб задумацца, чым ёсць жыццё чалавека, - адзначыў іерарх. - Жыццё можна параўнаць з пілігрымкай, якая мае свой пачатак і сваю мэту. Мэтай гэтай пілігрымкі з’яўляецца нябеснае валадарства”.

“Мы, хрысціяне, верым, што смерць – заканчэнне зямнога жыцця, а з іншага боку – пачатак новага жыцця, якое ўжо не будзе мець канца, - дадаў біскуп. - Усё залежыць ад таго, з чым мы станем перад брамаю вечнасці. Там будуць лічыцца тыя духоўныя скарбы, якія мы здабудзем”.

“Мы сапраўды можам падзякаваць Богу за жыццё ксяндза Рычарда Юніка, - падкрэсліў іерарх. - Яго жыццё было напоўнена цяжкасцямі, выпрабаваннямі, але ён нёс Божае слова, нёс Бога людзям, выконваў Божую волю, дбаў пра гэтую святыню, пра сваю парафію. Ён служыў да канца, не шукаў свайго, сваёй выгоды, а хацеў, каб людзі знайшлі сваю сцяжынку да Бога, і паказваў яе – перш за ўсё сваім сведчаннем”. “Для нас гэта прыклад нязломнай, моцнай веры”, - звярнуў увагу біскуп Юрый Касабуцкі.

“Сёння мы молімся аб нябесным валадарстве для ксяндза Рычарда, і кожная такая наша малітва вельмі важная, яна мае вялікую моц. Але адначасова пастараемся памаліцца і за сябе і падумаць: ці вядзе маё жыццё, мае ўчынкі да збаўлення?” – сказаў іерарх і нагадаў, што “заўсёды ёсць час нешта паправіць, змяніць, каб мы таксама маглі дайсці да нябеснага валадарства”.



 

На заканчэнне літургіі прадстаўнікі мясцовых уладаў, дзеці, моладзь і парафіяне павіншавалі Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча з днём нараджэння, які іерарх адзначае 3 студзеня. Арцыпастыр падзякаваў за віншаванні. Таксама арцыбіскуп нагадаў, каб памяць пра адышоўшых святароў заўсёды была ў чалавечых сэрцах, бо святары вялі вернікаў да Бога, ядналі з Ім і вучылі, як трэба жыць.

Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч падзякаваў сабраным за ўдзел у Імшы і заахвоціў наведваць месца пахавання кс. Рычарда Юніка, каб такім чынам захаваць яго памяць і маліцца ў яго інтэнцыі.

Пасля Імшы ўсе ўдзельнікі набажэнства памаліліся пры магіле спачылага рубяжэвіцкага пробашча, якая знаходзіцца побач са святыняй.

(DN), (AG)

 


Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.