Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
V Фестываль каляднай песні прайшоў у Івянцы |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія |
05.01.2015 13:08 |
«Gloria in excelsis Deo» — гэтыя словы сталі лейтматывам V Фестывалю каляднай песні ў Івянцы. 3 студзеня ў мясцовым Доме культуры сабралася мноства людзей, якія прыйшлі спяваць, праслаўляць Божае Нараджэнне і радаваць шматлікіх гледачоў сваім талентам.
Абвяшчэнне Евангелля праз спевы і слова стала папулярнай з’явай у Івянцы, прыкладам чаго служыць міжнародная «Музычная майстэрня» і парафіяда, якія штогод праводзяцца ў івянецкай парафіі Святога Міхала Арханёла. З кожным годам фестываль каляднай песні карыстаецца ўсё большай папулярнасцю і выяўляе майстэрства ўдзельнікаў свята, радуе ўсё больш разнастайным рэпертуарам. Заўсёды тут ёсць якая-небудзь «разынка». На гэты раз на фестывалі сабралася 11 творчых калектываў, 2 салісты і адзін дуэт. На сцэну выходзілі і дэманстравалі сваё майстэрства творчыя калектывы з Івянецкай сярэдняй школы і школы мастацтваў, гурты iвянецкiх скаўтаў «Дзеці Марыі», «Зграя Ваўчанят», «У францішканаў», скаўцкі гурт з парафіі Св. Міхала Арханёла, народны вакальна-харэаграфічны ансамбль «Журавінка», вакальная група навучэнцаў, якія факультатыўна вывучаюць польскую мову, а таксама хоры касцёлаў святога Аляксея і святога Міхала Арханёла. Навінкай і асаблівасцю стаў удзел у фестывалі Дзіцячага гурта з Польскага Дома ў Баранавічах, лаўрэата міжнародных конкурсаў у Польшчы, на чале з кіраўніком Галінай Бранько. Кожны гурт, хор, супольнасць і салісты стараліся як найлепш прадставіць сваё майстэрства, а арыгінальнасць у выкананні надавала навізну нават вядомым песням. Паралельна з канцэртнымі нумарамі чыталіся разважанні аб таямніцы Божага Нараджэння. Падчас фестывальнага канцэрта разважалі і аб Адвэнце, часе, калі чакаюць прыйсця Пана, а таксама аб Раратах, апавядалі пра гісторыю стварэння батлейкі, традыцыю якой распачаў св. Францішак, пра якога ў Івянцы добра вядома, бо і ў Івянцы працуюць паслядоўнікі гэтага святога і пануе францішканская духоўнасць. Святога Францішка цікавіла і захапляла таямніца Уцелаўлення Збаўцы, і ён хацеў, каб у свята Божага Нараджэння кожны хрысціянін радаваўся гэтай незвычайнай падзеі. На заканчэнне V Каляднага фестывалю ўсе ўдзельнікі святочнага канцэрта былі ўзнагароджаны дыпломамі. У фае Дома культуры для іх быў накрыты святочны стол. Удзельнікам і гледачам была выказана падзяка і пажаданні арганізатараў: «Шмат радасці, любові, сардэчнасці, дабрыні і цеплыні, якія прыносіць штогод у дзень свайго нараджэння маленькі Езус! Няхай Той, які нарадзіўся зімовай ноччу ў халоднай стайні на сене, прыйдзе ў сэрцы, напаўняючы іх сваімі дарамі! Няхай маленькі Езус пакладзе сваю ручку ў нашую далонь і ніколі яе не адпускае! Святая Сям’я няхай будзе для нас прыкладам веры, любові і адданасці ў служэнні Богу і бліжняму!» Апошнім акордам падзеі быў супольны калядны спеў «А ўчора з вячора», які яднаў артыстаў і гледачоў у адну хрысціянскую сям’ю. Галіна Сабалеўская
|
Фотарэпартаж |
Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.