4 студзеня ў салезіянскiм араторыi iмя св. Дамінiка Савiо (парафiя Мацi Божай Успамогi Хрысцiянаў, Бараўляны) адбыўся канцэрт, прысвечаны святу Божага Нараджэння.
Канцэрт пачаўся тэатральнай пастаноўкай. Акцёры – група дзяцей і моладзі парафіі пад кіраўніцтвам с. Веранікі Огар FMA і аніматараў – распавялі гледачам пра тое, як першародны грэх адчыніў дзверы злу, зрабіў чалавека адзінокім і смяротным, парушыўшы гармонію жыцця і адносін з Богам. У пастаноўцы гучала думка, што Божае Нараджэнне –дзверы да вяртання той гармоніі, вялікая ласка Божай прысутнасці побач з чалавекам, пачатак раю, у якім мы можам жыць ужо, калі прымем Бога, дазволім Яму нарадзіцца ў глыбіні сэрца, адорваць нас ласкай, дадзім Богу прытулак, дах, самі прыйдзем да Яго ясляў, адкінуўшы грэх, палюбім Яго і дазволім Яму любіць нас.
Працягам праграмы было выступленне хораў. Выступіў парафіяльны хор “Auxilium” пад кіраўніцтвам хормайстра і арганісткі Анастасiі Барбарчук. Амаль усе ўдзельнікі хору -проста аматары музыкі і спеву, але прафесійнасці ім дадае моцнае жаданне праслаўляць Бога сваімі талентамі і праца над іх развіццём. Таксама на канцэрт быў запрошаны хор бараўлянскай музычнай школы. Усе артысты былі ўзнагароджаны бурнымi апладысментамi гледачоў.
Завяршыўся канцэрт традыцыйнай салезіянскай малітвай – 3 “Вітай, Марыя…”, святарскім настаўленнем і благаслаўленнем, якое ўдзяліў пробашч парафіі кс. Казімір Шыдэлка SDB.
Адвэнт у бараўлянскай парафіі быў адметны раратнімі Імшамі, якія адбываліся кожны дзень. Шмат людзей адгукнулася на заклік кс. Івана Огара SDB зрабіць над сабой высілак і прыходзіць у капліцу задоўга да ўсходу сонца. Дзеці кожны дзень з запаленымi свечкамi iшлi па вулiцы і неслi з сабой “каменьчыкi” з добрымi ўчынкамi, каб выкласці з іх дарогу Пану. З дома ў дом на працягу Адвэнту пілігрымавала фігура Маці Божай.
На Божае Нараджэнне пасля Імшы пастэркі вернікі ў араторыі падзяліліся аплаткай і павiншавалі адзiн аднаго са святам.
У духу радасцi i падзякi Богу бараўлянскія парафіяне сустрэлі таксама Новы год. Радасць павялічвала і тое, што парафiяне дачакалiся свайго пробашча кс. Казiмiра Шыдэлку SDB, які вярнуўся пасля лячэння i рэабiлiтацыi ў сваю парафiю. Пасля святой Імшы, якую ўзначаліў рэгіянальны настаяцель Місіі “Св. Францішка Сальскага” кс. Віктар Гайдукевiч SDB, свята працягнулася ў араторыi.
Паводле www.sdb.by (AG) Фота www.sdb.by
|