120 чалавек прыняло ўдзел у аплатковых сустрэчах міністрантаў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі (абноўлена) |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія |
08.01.2015 18:01 |
8 студзеня ў мінскай парафіі Св. Роха і маладзечанскай парафіі Св. Юзафа прайшлі аплатковыя сустрэчы міністрантаў і апекуноў парафіяльных супольнасцяў літургічнай службы алтара Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. У Маладзечне ў сустрэчы ўдзельнічаў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі. Парафія Св. Юзафа ў Маладзечне і парафія Св. Роха на Залатой Горцы ў Мінску сабралі 120 міністрантаў з розных парафій Мінска і Маладзечна, а таксама з Радашковіч, Фаніпаля, Рубяжэвіч, Бабруйска, Івянца, Пяршаяў, Дзяржынска, Свіра, Мядзела, Даўгінава, Нарачы, Вілейкі і Валожына. Сустрэчу ў Маладзечна наведаў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзі Юрый Касабуцкі, які ўзначаліў святую Імшу. У гаміліі іерарх засяродзіў увагу на тым, наколькі важным з'яўляецца сяброўства паміж міністрантамі, і нагадаў, што менавіта падчас такіх сустрэч можна знайсці сяброў з другіх парафій, якіх таксама аб’ядноўвае служэнне пры алтары Пана. Пасля Імшы адбылася сустрэча, падчас якой міністранты разам з біскупам дзяліліся аплаткай і віншаваннямі. Сустрэчу ў мінскім касцёле распачала адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту, якую працягнула святая Імша, падчас якой удзельнікі сустрэчы маліліся аб новых святарскіх пакліканнях. Затым, як паведамляе сайт roch.by, удзельнікаў сустрэчы чакала супольнае дзяленне аплаткай і салодкі пачастунак.
|