Прапануем вашай увазе батлейку, якую прадставіла моладзь парафіі Найсвяцейшай Тройцы (св. Роха) на Залатой Горцы ў Мінску.
«У час 194-х алімпійскіх гульняў, у 752 годзе ад заснавання Рыма, на 44-м годзе панавання імператара Аўгуста, дзве тысячы гадоў таму ў Бэтлееме Юдэйскім, непрыкметным ізраэльскім мястэчку, занятым у той час рымлянамі, у Дзевы Марыі, жонкі Юзафа, з дому і роду Давіда, нарадзіўся Езус. На працягу многіх гадоў гэты момант імкнуліся ўзвялічыць праз розныя мастацкія творы. Адным з іх з’яўляецца Батлейка, — распавёў а. Аляксандр Улас OFMConv.
Батлейка — гэта не проста тэатральнае прадстаўленне гісторыі, якая здарылася 2000 гадоў таму ў Бэтлееме. Гэта перш за ўсё сведчанне веры тых, хто ў сваім жыцці прымае Хрыста. Для іх гістарычнае здарэнне Нараджэння Хрыста — не проста яшчэ адна гістарычная падзея: гэта момант, які змяняе ўсю рэчаістнасць. Слова стала Целам і пасялілася між намі.
Гэтая батлейка прадстаўляе не момант нараджэння, але тое, як гэты момант уздзейнічае, або павінен уздзейнічаць, на наша жыццё: жыццё ўсіх тых, хто паверыў у тое, што Езус — Дарога, і Праўда, і Жыццё — прыйшоў, каб выбавіць чалавека з няволі цемры і граху».