Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
На свае вочы: жыхар Маладзечна са звычайных запалак майструе макеты касцёлаў і цэркваў
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
15.01.2015 10:50

«Царква, па якой зроблены гэты макет, пабудавана дзесьці пад Масквой, а макеты тых дзвюх святыняў я прыдумаў сам», — гаворыць Станіслаў Зялкоўскі, паказваючы на склееныя са звычайных запалак макеты цэркваў і касцёлаў.

Просты чалавек з няпростым мінулым і залатымі рукамі. Працуючы звычайным сантэхнікам, Станіслаў Вікенцьевіч Зялкоўскі з Маладзечна ўжо 30 гадоў са звычайных запалак стварае макеты хрысціянскіх святыняў...

У якасці ўзору аўтар выкарыстоўвае здымкі з інтэрнэта, а штосьці прыдумвае і сам.

«Я заўсёды хацеў нешта будаваць, — кажа творца. — Калісьці з брыгадай мы будавалі дачы. Працаваць з дрэвам я вельмі люблю, таму і хобі такое незвычайнае».

На першую ў жыцці выстаўку сваіх прац Станіслаў Зялкоўскі пагадзіўся зусім нядаўна. Фотаздымкі яго прац у інтэрнэце выпадкова пабачыла загадчыца аднаго з філіялаў мясцовай бібліятэкі, якая і прапанавала сціпламу творцу паказаць свае працы людзям.


Як са звычайных запалак можа зрабіць макет святыні?


Выраб аднаго макета займае звычайна ад двух да пяці месяцаў. Пры гэтым сам працэс вырабу праходзіць пераважна па вечарах, бо ўвесь дзень мужчына на працы.

У якасці клею мастак выкарыстоўвае звычайны ПВА, пасля таго ж, як праца скончана, пакрывае гатовыя макеты машынным маслам, якое надае ім жаўтаваты колер.



Гатовыя макеты святыняў майстар найчасцей каму-небудзь дорыць, астатнія ж працы захоўваюцца ў кватэры, якая адначасова служыць і працоўнай майстэрняй.

Станіслаў Вікенцьевіч прызнаецца, што гарадская кватэра не лепшае месца для стварэння і захоўвання такіх прадметаў, бо звычайна яны знаходзяць прытулак на шафе і ўпіраюцца мініяцюрнымі вежамі ў столь...


Першая выстаўка. Выстаўка-дэбют


Выстаўка работ Станіслава Зялкоўскага адкрылася ў Маладзечанскай гарадской філіяле-бібліятэцы № 7. Гэта першая выстаўка творцы за ўсе гады, пры гэтым нават і яна адбылася, можна сказаць, выпадкова.

Дырэктар бібліятэкі Таццяна Цярэшка, дзякуючы якой выстаўка і ўбачыла свет, на запалачнага майстра з Маладзечна выйшла зусім выпадкова, пабачыўшы выявы яго прац у інтэрнэце:


«Я была ўражана гэтай прыгажосцю і вырашыла звязацца з аўтарам, — прыгадвае Таццяна Цярэшка. — Я яшчэ не ведала, што аўтар таксама маладзечанец. Калі ж высветлілася, што ён з нашага горада, мы скантактаваліся і вырашылі выставіць яго працы ў нас у бібліятэцы. Станіслаў Вікенцьевіч жыве на пятым паверсе... Без ліфта... Каб перавезці макеты да нас, наймалі асобны аўтобус».

Да слова, гэта не першая незвычайная выстаўка ў бібліятэцы. Раней тут ужо выстаўляліся прадметы з выцінанкі, бісеру, лазы і інш.

Станіслаў Вікенцьевіч прыгадвае, што майстраванне з запалак захапіла яго яшчэ ў падлеткавым узросце. Толькі спачатку гэта былі не святыні, а проста дамы. З часам захапленне перарасло ў хобі, якое ён пранёс праз усё жыццё.


«Асколак з маёй нагі вымалі прама ў гарах»

Стаць сапраўдным будаўніком у Станіслава Зялкоўскага, нягледзячы на вялікае жаданне, на жаль, не атрымалася.

Пасля першага курса Брэсцкага політэхнічнага ўніверсітэта, дзе юнаком Станіслаў Зялкоўскі спасцігаў будаўнічую спецыяльнасць, яго адпраўляюць салдатам у Афганістан...


Шэсць месяцаў службы ў гарачай кропцы і... цяжкое раненне ў нагу.

«Асколак з маёй нагі ў Афганістане вымалі прама ў гарах, не было ніякіх бальніц — вынялі, апрацавалі і ўсё. Зрабілі як умелі. Вось толькі пасля ўжо нічога нельга было змяніць», — узгадвае Станіслаў Вікенцьевіч.

Мужчына і сёння моцна кульгае. Пасля вяртання ў Беларусь хлопец яшчэ спрабаваў давучыцца ў інстытуце на завочным. Але дыязназ урачоў не быў суцяшальным: кульгавасць на ўсё жыццё, група па інваліднасці.

Гэта азначала, што будаўніком хлопец ужо не стане. Так Станіслаў Зялкоўскі ўладкаваўся на «Маладзечнаводаканал» сантэхнікам, дзе і працуе да сёння.

«З маёй нагой шмат куды не пойдзеш. Але грошы зарабляць трэба, таму пайшоў сантэхнікам», — кажа мужчына.

Сёння Станіслаў Вікенцьевіч ужо мае двух унукаў. Калісьці праз сябра ён пазнаёміўся з будучай жонкай, з якой яны нарадзілі дзвюх дачок.


На адзін макет – да 10 тысяч запалак


Творца дадае, што асноўная крыніца натхнення для яго — святыні старажытнай Русі. Святыні з дрэва. Крапатлівай працы Станіслаў Зялкоўскі не баіцца, таму для будучых макетаў абірае найбольш складаныя прыклады.

«Спачатку будучы макет я малюю на паперы, — апісвае аўтар стварэнне запалкавай святыні. – Ужо затым клею фундамент, з якога паступова “вырастаюць” і вежы».

Кожную запалку перад выкарыстаннем Станіслаў Вікенцьевіч ачышчае ад серы. Дарэчы, у сваёй працы ён выкарыстоўвае толькі запалкі Пінскай дрэваапрацоўчай фабрыкі, якія, па яго прызнанні, больш прыдатныя да працы ў параўнанні з запалкамі Барысаўскай фабрыкі.


На выраб аднаго макета можа ісці да 10 упаковак запалак, гэта больш за 10 тысяч запалак!

«Працу над новай царквой не пачынаю, пакуль не скончу папярэднюю», — прызнаецца мужчына.


Эпілог

У апошні час працамі Станіслала Вікеньевіча цікавіцца ўсё больш журналістаў. Прыязджаюць, робяць здымкі, задаюць пытанні. Гэта яго не бянтэжыць, тым не менш адчуваецца, што павышаная ўвага да яго асобы мужчыну ў навінку.

«Не, макеты прыдуманых мною касцёлаў святарам я не паказваў, — сціпла адказвае на маё чарговае пытанне майстар. — Ды і ці варта? Яны ўсё ж трохі заскладаныя, каб па іх будаваць касцёл...»



«Я ў касцёл хаджу, сам католік. Веру ў Бога і лічу, што духоўная падтрымка шмат чаго дае чалавеку».

Паводле слоў мужчыны, з боку сям’і яго занятак не выклікае ніякіх пярэчанняў. Звычайна, калі ён за працай, родныя стараюцца не перашкаджаць.



«Якая мая мара? Я хацеў бы зрабіць яшчэ больш святыняў. І па магчымасці яшчэ большых у памерах».

Мужчына прызнаецца, што ў планах — стварэнне ў мініяцюры і маладзечанскага касцёла св. Казіміра, парафіянінам якога ён і з’яўляецца. «У рэальнасці гэта касцёл з каменю, але калі трохі пасядзець за працай, усё павінна атрымацца», — упэўнены Станіслаў Зялкоўскі.

«Святыні я пачаў складваць з запалак, як вярнуўся з Афганістана. Мне вельмі хацелася стварыць штосьці мірнае для людзей... Раблю, як атрымліваецца, — сцішана расказвае ён. — Толькі вось спыніцца пакуль не магу... Сэрца прагне яшчэ больш касцёлаў, яшчэ больш цэркваў... Міру прагне».

Ілья Лапато,
фота Аксаны Ючкавіч

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.