У Мар'інай Горцы выступіў грэка-каталіцкі хор «Прасфара» |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія |
19.01.2015 15:02 |
18 студзеня ў Мар’інай Горцы ў парафіі Святога Антонія Падуанскага адбыўся канцэрт міжпарафіяльнага грэка-каталіцкага хора «Прасфара». Яго рэгентам з’яўляецца Марта Янушкевіч. Канцэрт прайшоў у дзень распачацця Тыдня малітваў аб еднасці хрысціян. Прыезд хора менавіта ў гэты час стаў своеасаблівым сведчаннем гэтай еднасці. У нядзельнай святой Імшы прымаў удзел таксама грэка-каталіцкі святар айцец Зміцер Чарнель. «Прасфара» існуе ўжо восьмы год і дасягнула пэўных поспехаў на сваім творчым шляху. Запісаны два дыскі, хор даў шэраг канцэртаў у розных частках Беларусі, а таксама за яе межамі (Украіна, Польшча, Чэхія, Італія). Усе ўдзельнікі хора хоць і непрафесійныя спевакі, але іх аб’ядноўвае шчырая вера, гарачая любоў да хрысціянскіх спеваў і жаданне дзяліцца з людзьмі радасцю і цяплом сэрцаў. Хоць перыяд Божага Нараджэння скончыўся, хор усё яшчэ выконваў спевы з грэка-каталіцкай Літургіі на свята Раства Хрыстовага, традыцыйныя беларускія калядкі, а таксама спевы іншых еўрапейскіх народаў. Гэтым самым «Прасфара» яшчэ раз нагадала пра светлую вестку аб нараджэнні Збаўцы. Трэба адзначыць, што хор наведваў парафію па запрашэнні яе пробашча ксяндза Генадзя Кучынскага ўжо не ўпершыню. Пасля канцэрту і сумеснай малітвы госці былі запрошаны на сціплы пачастунак. Мясцовыя парафіяне заўсёды прымаюць удзельнікаў хора з цеплынёй і ўдзячнасцю. Багдана Куталоўская |