У сталіцы прайшла экскурсія «Мінск — горад пад аховай Маці Божай» |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія |
04.02.2015 17:06 |
«Мінск — горад пад аховай Маці Божай» — экскурсія была выпускным праектам Паўла Дзюсекава, слухача курсаў «Ды-джэяў Адраджэння». Як адзначыў аўтар праекта, які быў задаволены і колькасцю ўдзельнікаў, і тым, што ў агуле «гісторыя нашай мінуўшчыны працягвае цікавіць людзей», «экскурсія атрымалася і прайшла файна». «Мінск мае доўгую, багатую на падзеі гісторыю. Амаль тысячу гадоў існуе горад. Войны, разбурэнні, залатыя часы росквіту культур і слаўныя подзвігі продкаў. Ён зведаў разбурэнні, палон, славу і спакойнае шчасце, калі гараджане жылі і працавалі ў яго гонар. Але якая б вірлівая гісторыя ні была, яна непазбежна звязана з хрысціянствам. У мірныя часы ў касцёле маліліся, падчас вайны ён служыў абаронай, дзякуючы манаскім ордэнам тут развівалася адукацыя і культура, помнікі якой дагэтуль можна пабачыць на вуліцах. І разам з продкамі праз усе няшчасці і радасці прайшла Маці Божая, застаючыся апякункай горада з 1591 года.
Тут удзельнікі маглі пачуць пра трагічны лёс Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча і яго дачкі Камілы, якая была вымушана правесці 40 гадоў у ссылцы ў Сібіры за тое, што асмелілася кінуць пад ногі палоннаму грэнадзёру кветкі (з-за кратаў, куды была пасаджана пасля паўстання 1863-64 гг.)
Праходзячы побач з будынкам, дзе знаходзіцца турэцкае, славацкае і ватыканскае пасольствы, удзельнікі пачулі арыгінальную гісторыю пра «засяленне» і суіснаванне суседзяў з рознымі мовамі і канфесійнай прыналежнасцю. Каля помніка Адаму Міцкевічу экскурсавод распавёў пра багатую гісторыю жыцця вялікага паэта, які, між іншым, у Польшчы амаль не жыў і ніколі там не выкладаў. Даведаліся ўдзельнікі экскурсіі і поўную назву паэмы «Пан Тадэвуш». Варта адзначыць, што падчас экскурсіі можна было не толькі слухаць, але і атрымліваць падарункі, адказваючы на пытанні Паўла Дзюсекава і дэманструючы сваю эрудыцыю. Далей шлях ляжаў уздоўж пажарнай часткі, побач з домам, дзе была абвешчана БНР, да езуіцкага калегіума, сёння толькі ўяўнага: падчас савецкага панавання будынак быў знесены, а касцёл ператвораны ў спартыўную залу, цалкам згубіўшы свой воблік.
Гісторыя езуітаў — яшчэ адна са слаўных старонак гарадскога жыцця. Ордэн, які ўзнік разам з Контррэфармацыяй, развіваў своеасаблівую сістэму адукацыі, ва ўстановах якой маглі навучацца не толькі католікі, але і прадстаўнікі іншых канфесій, ствараліся аптэкі і рабіліся збудаванні, якія былі здольныя вытрымаць працяглую аблогу. Езуіты навучалі арыгінальным чынам, так што простыя дзеці ва ўзросце 8 гадоў былі здольныя вучыцца на грэчаскай і лацінскай мовах. Быў асаблівы метад — раздавалі «бабкі» — дошчачкі круглай формы, што выконвалі функцыю штрафаў за выкарыстанне ў школе мовы, якой вучні карысталіся дома, а не патрэбных грэчаскай і лацінскай. Каманднае суперніцтва ўжо тады было распаўсюджаным сродкам матывацыі да вучобы. Такім чынам выпускнікі такіх устаноў мелі лепшы ўзровень адукацыі сярод жыхароў ВКЛ (да з’яўлення вышэйшых устаноў) і былі гатовыя да цяжкой працы. Наступным пунктам была скульптурная кампазіцыя карты горада XVI ст., ратуша (знесеная і памылкова пабудаваная ў класічным стылі), зніклыя старажытныя фрэскі і незвычайны герб горада. У гэтым месцы ўдзельнікі экскурсіі даведаліся пра суд над Якубам Коласам і пра тое, чаму нельга атрымліваць падаянне ад Маці Божай і святых (цуд з дыяментам, што вываліўся з іконы Маці Божай, калі перад ёй маліўся няшчасны чалавек). Мала каму вядома, што герб Мінска здольны «пляскаць у ладкі». Уся справа ў тым, што бурмістры, якіх абіралі на год, былі то каталіцкага, то праваслаўнага веравызнання, у адпаведнасці з гэтым кожны год гарадская пячатка змянялася: у залежнасці ад рэлігійнай традыцыі рукі Маці Божай былі складзены разам (як на праваслаўнай іконе) ці звернуты да чалавека (як на каталіцкіх абразах).
Прайшоўшы праз музычны завулак, самае вузкае месца горада, экскурсія апынулася побач з адзінай захаванай шляхецкай сядзібай — Ваньковічаў. Тут гісторык Павел распавёў пра таямніцы круглага заезду, параднага і чорнага ўваходаў, падземнага пераходу ад кухні да галоўнага будынка. Экскурсія скончылася каля самай старой скульптуры горада — «Хлопчыка з лебедзем», ці, дакладней, якой яна магла быць, каб не была зруйнавана вандаламі ў 1984 годзе. Кацярына Парыжаская |