Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Весяліцца і пляскаць у далоні: «тлусты» чацвер адзначылі ў мінскай архікатэдры
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
13.02.2015 18:27

Традыцыйна ў апошні чацвер перад Вялікім постам — «тлусты чацвер» — моладзь з архікатэдральнай парафіі Імя Найсвяцейшай Панны Марыі ў Мінску збіраецца на Запусты. Гэта традыцыя ў апошні чацвер перад постам бавіць час у прыемнай кампаніі з салодкім пачастункам, танцамі і гульнямі перадаецца ў парафіі з года ў год.

Сёлетняя сустрэча пачалася малітвамі «Ойча наш», «Вітай Марыя» і «Хвала Айцу». Затым, каб усе ведалі, з кім бавяць час, была гульня на знаёмствы. Кожны раз выглядае яна па-рознаму, але прынцып адзін: людзі становяцца ў кола і мусяць паўтараць імя суседа, затым суседа суседа і г.д.

Трэба было не проста сказаць імя, а яшчэ і назваць якасць чалавека на тую ж літару. Асабліва парадавалі «Вера вечная» і «Паша прымячальны».

Моладзь танчыла традыцыйныя і ўсімі ўлюбёныя танцы — беларускую «Ойру» і замежную «Бельгійку». Новым танцам была шпаркая «Маразуля». Дзіўная назва для танцу пад ірландскую музыку з тэмпам, які ўвесь час паскараецца.



Былі, вядома, і гульні - напрыклад, гульня ў «Камень, нажніцы, папера». Сутнасць гульні заключалася ў тым, каб вырасці ад семінарыста да кардынала, перамагаючы ў «Нажніцы». Каму не шчасціла — сыходзіў на прыступку ніжэй». Нехта так і застаўся «вечным семінарыстам!» Гуляць можна было толькі з роўным па «статусе»: з ксяндзом ці біскупам. У выніку ўдзельнікі перажылі неверагодны кар’ерны рост і амаль усе «сталі» кардыналамі.

«Гэта быў выдатны час»

Гульні, танцы размяжоўваліся кава-паўзамі, падчас якіх удзельнікі маглі пагутарыць адзін з адным і абмяняцца надзённымі праблемамі. Не абыходзілася і без салодкага.

Скончылася ўсё малітвай, падчас якой моладзь падзякавала Богу за цудоўны вечар і за радасць супольнага прабывання на забаве.

У гэтым годзе мерапрыемства арганізоўвалі Вольга Качалка і Наталля Самаль, а таксама Павел Бранавец.

Вольга Качалка:

«Кожны чалавек хоча рэалізавацца ў жыцці, раскрыць свае таленты, даць ім прымяненне. Я ўмею танчыць, рабіла гэта доўгі час. Але, на жаль, у Касцёле цяжка знайсці гэтаму прымяненне. І вось, калі ў катэдры сталі ладзіць такія мерапрыемствы, як Запусты, Андрэйкі, а ў пілігрымцы і на Божае Нараджэнне — імпрэзы для моладзі, трэба было дапамагчы ў арганізацыі. Я знайшла гульні, прыдумала танцы. Настолькі ўсё файна атрымалася, што неўзабаве я стала арганізоўваць такія рэчы і надалей.

Мяне вельмі радуе, што магу паслужыць Касцёлу, бо ў Бібліі я для сябе адкрыла, што калі не прымяняць свой талент на карысць Касцёла, то ён непатрэбны. А калі на карысць людзей і хвалу Пана Бога ўдзяляць свае здольнасці, то гэта цудоўная справа.

На кожнай імпрэзе я бачу новыя твары, бачу, што людзі прыводзяць сваіх сяброў і яны застаюцца ў Касцёле, таму я не сумняюся ў тым, што мая справа мілая Богу і патрэбная, хоць і здаецца, што яна забаўляльная і нічога асаблівага ў ёй няма».

Павел Бранавец:

«"Тлусты" чацвер у славянскіх мовах называўся па-рознаму, але ва ўсіх гэтых назвах прысутнічае кампанент “тлустасці” — у Беларусі, у Польшчы, у Чэхіі. Таму гэта той дзень, калі людзі дазвалялі сабе крыху раскошы, каб мець магчымасць адчуць багацце, якое дае Пан Бог. Разважаючы над гэтым, мы паступова рыхтуемся да перыяду пакаяння і пакоры, пэўнай духоўнай аскезы, да посту. Насамрэч, я не ведаю, чаму Запусты называюцца менавіта так, каго «запускалі» (усміхаецца заўв. аўт.).

А што датычыць мяне, то Запусты я наведваю другі раз. Сёння было людзей не вельмі шмат, але некалькі новых людзей было — спадзяюся, усім спадабалася. Мы разам бавілі час за гульнямі, развучылі новы танец — “дзікія пляскі”. Гульня “камень, нажніцы, папера” — адаптаваная пад каталіцкія рэаліі версія венгерскай гульні ў эвалюцыю — была цікавай і файнай. Гэта быў выдатны час, мы не забыліся і пра малітву таксама — падзякавалі Богу за атрыманыя ласкі і падрыхтаваліся да добрага правядзення посту».

Кацярына Парыжаская

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.