Напярэдадні Вялікага посту ў салезіянскіх супольнасцях у Дзятлаве, Мінску, Бараўлянах і Смаргоні былі праведзены розныя карнавальныя забавы.
Дзятлава
Дзятлаўскі карнавальны вечар пачаўся з гутаркі-разважання на тэму «Прыгажосць: як ты гэта разумееш?». Дзеці і моладзь імкнуліся даць азначэнне слову «прыгажосць», зыходзячы з урыўкаў твораў розных паэтаў, вучыліся адрозніваць прыгажосць знешнюю і ўнутраную, прымаць і разумець чужую радасць, не зайздросціць тым, хто мае больш, быць адкрытымі свету, чужому шчасцю. Потым забаўляльны вечар працягнуўся ў форме праграмы «Модны прысуд». Кампетэнтнае журы, якое ўзначаліў кс. Здзіслаў Пікула SDB, з сур’ёзнасцю аднеслася да справы вызначэння прыгажунь вечара. На працягу мерапрыемства панаваў настрой весялосці, радасці, чакання чагосьці незвычайнага.
Бараўляны
Пад сугучным тэме забаўляльнага вечара ў Дзятлаве дэвізам — "Дзякуй Табе, Пане, што я цудоўна створаны…”— адбыўся карнавал для дзяцей у Бараўлянах. На пачатку мерапрыемства кожны ўдзельнік атрымаў маску. Падзяліўшыся на дзве каманды, дзеці павінны былі іх упрыгожыць, таму не было ні пераможцаў, ні пераможаных, а за ўдзел у гульнях каманды атрымоўвалі балы, за якія пазней маглі набыць загадзя падрыхтаваныя аніматарамі ўпрыгожванні для масак.
Карнавальны касцюм - гэта не толькі маска, таму ў адным з конкурсаў дзеці мелі магчымасць змайстраваць касцюм уласнымі рукамі. Кожны змог праявіць крэатыўнасць і прадэманстраваць здольнасці, бо касцюм патрэбна было зрабіць без нітак і іголак, не дапамагаючы нажніцамі, а толькі майструючы з газет і скотча.
Мінск 
У Мінску карнавал пад дэвізам «Следства вядуць калабкі, альбо ў пошуках радасці» праводзіўся для дзяцей, а пад дэвізам «Гарэзы Дона Боско» — для моладзі.
У малодшых удзельнікаў карнавальных забаў разам з іх бацькамі была магчымасць пазнаёміцца з Калабковым і Булачкіным, якія, прыйшоўшы да дзяцей, адразу заўважылі, што тыя вельмі сумныя, і вырашылі завесці справу № 462.
Напачатку Калабкоў і Булачкін загадалі некалькі загадак пра Вялікі пост. Калі героі зразумелі, што дзеці ведаюць, што такое пост, яны вырашылі праверыць іх на хуткасць і адвагу. Але гэтай справе перашкодзілі Брэменскія музыкі, якія звярнуліся да герояў за дапамогай у пошуках скрадзенай прынцэсы. Праз сумесныя гульні і танцы прысутныя здолелі адшукаць прынцэсу і знайсці сакрэт радасці.
А старэйшыя наведвальнікі салезіянскага араторыя ў Мінску павінны былі падрыхтаваць адмысловыя касцюмы на вечар, якія б адпавядалі адзенню вулічнай моладзі ХІХ стагоддзя.
Галоўнымі героямі свята ў іх былі мама кс. Боско Маргарыта і двое яго выхаванцаў: Міхал Магонэ і Барталамей Гарэллі, якія вялі каманды да св. Яна Боско праз выпрабаванні і цікавыя конкурсы. Напрыканцы ўдзельнікі сустрэліся з Донам Боско, які развесяліў прысутных цікавай гульнёй, а пасля прамовіў традыцыйнае слоўка на добрую ноч.
Смаргонь
У салезіянскім араторыі імя святога Яна Боско ў Смаргоні моладзь удзельнічала ў вечары «Fashion is my profession», дзе напрыканцы карнавала кандыдаты ў аніматары падрыхтавалі для ўсіх пастаноўку. Праз сцэнку яны жадалі паведаміць усім прысутным аб тым, як лёгка ўпасці ў грэх, калі ў свой час не спыніцца і не задумацца над сваім жыццём, каштоўнасцямі і прынцыпамі паўсядзённасці.
Галоўнай думкай пастаноўкі стала тое, што толькі з дапамогай Езуса мы можам устаць, толькі Ён — галоўны гаспадар нашага жыцця і менавіта Яго мы павінны змясціць на першым месцы ў сваім жыцці.
|