Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
У мінскай парафіі Божага Цела адбылася сустрэча ўдзельнікаў Трэцяга Ордэну кармэлітаў босых
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
23.02.2015 17:43

21 лютага ў мінскай парафіі Божага Цела адбылася чарговая сустрэча ўдзельнікаў Трэцяга Ордэну кармэлітаў босых святога Юзафа. Свецкія вернікі працягвалі разважаць над постаццю святой Тэрэзы ад Езуса, 500-годдзе якой Касцёл адзначыць сёлета.

Гэтым разам навука святой, над якой разважалі сабраныя, была прысвечана сапраўднаму сяброўству ў супольнасці. «Вялікім няшчасцем з’яўляецца тое, калі душа застаецца адна, сярод мноства небяспек», — піша святая Тэрэза.

Калі б чалавек жыў і развіваўся сам, вельмі хутка мог бы дайсці да фальшывага пераканання адносна сваёй дасканаласці. Таму што падчас малітвы бачыў бы толькі добрыя памкненні і высокія пабожныя пачуцці. Калі такі чалавек на сваёй дарозе сустракае іншага чалавека, то больш рэальна пачынае сябе бачыць. «Нягледзячы на тое, што я так добра малюся, магу не заўважаць, як моцна нервуюся на іншых, як хутка губляю цярплівасць, як часта зайздрошчу іншым людзям або як складана мне перажываць жыццёвую сітуацыю, у якой я недаацэнены. Гэтыя і падобныя прыклады кажуць аб тым, што жыве яшчэ ўва мне стары чалавек. Што праявілася вялікае мноства недасканаласцяў, якіх я раней не заўважаў, хоць вельмі добра маліўся», — разважае такі чалавек. Святая Тэрэза дадае адвагі, бо ўсё можна перамагчы разам з Хрыстом. Але спачатку трэба ўбачыць свае недасканаласці. Кажам, што жыццё ў супольнасці — гэта своеасаблівае шліфаванне каштоўнага камяня. Сапраўдным каштоўным каменем з’яўляецца чалавечая душа.

Для святой Тэрэзы ідэалам сувязі ў супольнасці было сапраўднае сяброўства. Яна піша: «Тут усе павінны быць сяброўкамі, любіць адна адну і дапамагаць ва ўсім». Святая Тэрэза ставіць націск на сапраўднае сяброўства, якое грунтуецца на Хрысце, на Яго любові. Сапраўднае сяброўства, перш за ўсё, безумоўнае і адкрытае для іншай асобы, а таксама з’яўляецца пошукам дабра іншай асобы. Як ідэал такога сяброўства Тэрэза прыводзіць годны прыклад: «Гэта зусім безумоўная любоў, падобная да той, якой нас палюбіў Хрыстус». Да такіх сапраўдных моцных сувязяў дойдзе асоба, якая пачала абапірацца на Бога, якая дасведчыла Яго безумоўную любоў. Такі чалавек набярэцца святой свабоды: больш дасканала любіць такая душа, якая можа пазнаць, чым з’яўляецца любоў Стварыцеля, а чым любоў стварэння, хто такі Стварыцель і хто стварэнне. Чалавек, які знаходзіцца блізка Бога, які размаўляе з Ім, дасвядчаючы Яго чулую любоў, становіцца свабодным ад пагоні за пахвалою ці аўтарытэтам. Сэрца чалавека Бог напоўніць радасцю, бо чалавек адчувае, што Бог любіць. І тады розныя суцяшэнні ад людзей не маюць сэнсу. І калі чалавек адчувае, што больш такога пажадання не мае, тады становіцца свабодным і можа спакойна любіць бліжняга, бескарысліва клапоцячыся пра яго.

Святая Тэрэза, калі вучыць аб любові да бліжняга, аб духу, які павінен панаваць у кляштарах братоў і сясцёр босых, разам з ідэалам духоўнай любові ўзгадвае пра дзве вельмі важныя небяспекі, якія пагражаюць гэтай любові. Гэта такія крайнасці, якія дэфармуюць, а нават знішчаюць добрыя сувязі любові. Спачатку кажа аб празмернай прывязанасці да канкрэтнай асобы, якая можа з'явіцца. Гаворка ідзе аб прывязанасці, якая грунтуецца на натуральнай сімпатыі да канкрэтнай асобы. Бо такая чалавечая натура, што да адных мы адчуваем сімпатыю, а да іншых неахвоту або абыякавасць. Калі чалавек пойдзе толькі за гэтым натуральным пачуццём, не будзе зважаць на асобаў, з якімі яму не так лёгка ў супольнасці, то ніколі не дойдзе да дасканаласці ў братняй любові. Гэта так ці інакш будзе фальшывай аднабаковай любоўю, якая больш знішчае, чым будуе. Сяброўства, якое па сваёй сутнасці закрытае для іншых, прывядзе да ўзнікнення кааліцый у супольнасці, закрытых «прывілеяваных» груп, дзе асобы адаруюць сябе наўзаем і падтрымліваюць адзін аднаго часцей за ўсё праз нараканне або калі маюць супольнага ворага. І ў такім выпадку часцей за ўсё сяброўства не з’яўляецца сапраўдным, бо чытаем у Евангеллі: «Калі ж вы любіце тых, хто любіць вас, якую маеце ўзнагароду? Ці ж не тое самае робяць і мытнікі?» (Мц 5, 46)

Іншая крайнасць, якая знішчае сапраўднае сяброўства і бескарыслівую любоў да бліжняга, — «зацвярдзеласць сэрца». Часамі здараецца, што, калі чалавек імкнецца да дасканаласці, то пачынае баяцца, што трапіць у крайнасць празмернага выражэння сваіх пачуццяў, і ўяўляе дасканаласць як беспачуццёвасць або абыякавасць у іх выражэнні, што толькі Богу належыць свабодна выражаць свае пачуцці. Злы дух можа астудзіць любоў да бліжняга ў сэрцы такога чалавека, а нават і любоў да Бога, калі пачне пераконваць, што абыякавасць у выражэнні пачуццяў — гэта шлях да ідэальнай дасканаласці. На самой справе гэта вялікая памылка, якая ніколі не прывядзе да дабра. Бог ніколі не пакідае чалавека сам-насам з падобнага роду цяжкасцямі, асабліва калі чалавек спрабуе наблізіцца да Бога. Калі чалавек шчыра шукае Хрыста, то Ён, Хрыстус, сам вызваліць ад шэрагу памылак і адорыць сваім шчасцем. Выснова — патрэбна, каб у нашых супольнасцях існавалі сапраўдныя братэрскія сувязі, якія можна назваць сапраўдным сяброўствам. Да іх можна дайсці, калі мы ачышчаемся з недасканаласцяў, заганаў і памылак, да якіх нас цягне «натура», і спакусаў,
— такімі былі асноўныя думкі падчас навукі ў межах сустрэчы.

Адпаведныя практычныя заняткі па навучанні ўнутранай малітве, якая засноўваецца на духоўнай спадчыне святой Тэрэзы ад Езуса, праходзяць кожны чацвер у 18.00 у капліцы Маці Божай Шкаплернай (вул. Герасіменкі, 6/1) у Мінску. Запрашаюцца ўсе жадаючыя.

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.