«Чытанне духоўнай літаратуры»: новы раздзел на Вялікі пост стварылі на парафіяльным сайце вернікі з Вілейкі |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія |
24.02.2015 11:34 |
Рубрыка «Чытанне духоўнай літаратуры», створаная вернікамі парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Вілейцы на перыяд Вялікага посту яшчэ летась, знайшла свой працяг і сёлета. Абнаўленні на сайце падаюцца кожны аўторак і чацвер. У рубрыцы — разважанні і ўрыўкі з рэлігійных кніг. Матэрыялы выбіраюцца такім чынам, каб дапамагчы ў разважанні над духоўным жыццём і над мукай і смерцю Езуса Хрыста. Практыка духоўнага чытання была створана з мэтай паглыблення малітвы і духоўных разважанняў у перыяд Вялікага посту. Такое чытанне можа дапамагчы зазірнуць у самыя далёкія куточкі сэрца і «адрамантаваць» яго з Божай ласкай. Духоўныя чытанні не адзіная ініцыятыва ў парафіі. Штодзень раніцай і вечарам у парафіі праходзіць святая Імша, вернікі моляцца Вяночак да Божай Міласэрнасці, таксама праводзяцца набажэнствы Крыжовага шляху і Песні жальбы. Кацярына Дурко |