Лыжная гонка для праблемных падлеткаў прайшла ў Мінску |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія |
26.02.2015 14:50 |
Пра гэта паведамляе сайт моладзевай місіі «Чыстае сэрца». «Старт чыстых сэрцаў» — лыжная гонка, якая праводзіцца для дзяцей і моладзі, што знаходзяцца на ўліку ў міліцыі. Мэта праекту — паказаць маладому пакаленню, як можна з карысцю правесці вольны час. Грамадства ж убачыць, што «цяжкія падлеткі» — гэта звычайныя дзеці, якія патрабуюць увагі і разумення.
Першы раз такая акцыя прайшла зімой 2012 года. Арганізатарамі сёлетняй акцыі выступілі РАУС Фрунзенскага раёна і ўпраўленне адукацыі Мінскага аблвыканкама. У святочным адкрыцці свята прынялі ўдзел дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі і намеснік загадчыка РАУС Фрунзенскага раёна. Паўдзельнічаць у конкурсах і паспрабаваць кашу палявой кухні змаглі не толькі лыжнікі, але і ўсе жадаючыя. Усяго на зімовым свяце было каля 500 школьнікаў. (MV) |