Сёстры назарэтанкі наведалі парафію Св. Міхала Арханёла ў Гатаве |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія |
02.03.2015 15:28 |
1 сакавіка перад гадавінай беатыфікацыі адзінаццаці сясцёр-мучаніц з Навагрудка, якая адбылася 15 гадоў таму ў Рыме, чатыры сястры назарэтанкі — с. Марыя Марыяна Алешчык CSFN, с. Карытас Шапель CSFN, с. Лаўра Шукеловіч CSFN і с. Назарыя Міклаш CSFN — наведалі парафію Св. Міхала Арханёла ў Гатаве. Карыстаючыся нагодай Года кансэкраванага жыцця, яны апавядалі парафіянам пра сваю манаскую супольнасць, а перад усім падзяліліся яе найвялікшым скарбам, якім з’яўляюцца 11 мучаніц з Навагрудка, што на світанку 1 жніўня 1943 года былі расстраляны гітлераўцамі ў бліжэйшым лесе. У ліпені 1943 года немцы арыштавалі 120 мірных жыхароў, гэта былі мужчыны — бацькі і браты навагрудскіх сем’яў. Маці і жонкі прыходзілі да сясцёр і са слязьмі на вачах расказвалі пра сваё гора. Менавіта ў гэты момант сёстры прынялі рашэнне ахвяраваць сваё жыццё за людзей, прызначаных да расстрэлу: «Божа! Калі патрэбна ахвяра з жыцця няхай жа лепш нас расстраляюць, чым тых, хто мае сем’і». Пад пагрозай пакарання быў таксама апошні ў акрузе святар — кс. Аляксандр Зянкевіч. Сёстры зноў пацвердзілі з гатоўнасцю аддаць жыццё, кажучы: «Божа! Ксёндз больш патрэбны на гэтым свеце, чым мы. Мы молімся аб тым, каб Бог забраў нас, а не ксяндза, калі неабходна далейшая ахвяра». Словы с. Назарыі Міклаш вельмі ўзрушылі сабраных у капліцы людзей, большасць з якіх не змагла схаваць слёз. Таксама манахіні праспявалі спеў пра благаслаўлёных мучаніц, а пасля святой Імшы і Песняў жальбы вернікі маглі ўшанаваць рэліквіі і атрымаць памятны абразок. 5 сакавіка мінае 15 гадоў з дня беатыфікацыі назарэтанскіх мучаніц. З парафіі ў Гатаве 14 сакавіка вырушыць пілігрымка ў Навагрудак, каб пры магіле забітых сясцёр маліцца за сем’і і аб новых пакліканнях. Усе жадаючыя далучыцца да пілігрымкі могуць паведаміць па тэлефоне: +375 29 264 94 42 (с. Анна) Кс. Кшыштаф Пасвята CSMA |
Фотарэпартаж |