Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Велікапосныя рэкалекцыі для супрацоўнікаў «Карытас»: «набыць навізну ў веры і малітве»
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
09.03.2015 11:35

З 5 па 7 сакавіка ў у Цэнтры РМ «ДКТ Карытас» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі в. Ляскоўка Мінскага раёна адбыліся велікапосныя рэкалекцыі для супрацоўнікаў і валанцёраў дабрачыннай каталіцкай арганізацыі «Карытас» у Беларусі.

«Recolere» (з лацінскай мовы) — збіраць, аднаўляць. Рэкалекцыі — гэта асаблівы час шукання Хрыста і сустрэча з Ім, а гэта патрабуе цішыні, засяроджання і інтэнсіўнай малітвы. Кожнаму патрэбны такі час, у якім мы маем шчасце сабрацца, упарадкаваць свой свет, убачыць рэчы на адлегласці, набыць навізну ў веры і малітве.

Трохдзённыя разважанні праводзіў кс. Яўген Учкуроніс, пробашч парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі з Дзярэчына (Гродзенская дыяцэзія). Тэмай рэкалекцый было «Грэх (7 галоўных) — Міласэрнасць (Пакаянне)».

Духоўныя практыкаванні распачаліся знаёмствам, падчас якога кожны мог падзяліцца, чым асабіста для яго з’яўляецца «Карытас» і дабрачыннасць.

Уступная канферэнцыя была прысвечана сямі галоўным (смяротным) грахам. Ксёндз Яўген Учкуроніс прапанаваў паразважаць на гэтую тэму пры дапамозе карціны Іераніма Босха, на якой па коле размешчаны грахі, а ў цэнтры — усёбачнае вока Бога.

«Але што такое ўвогуле “грэх”? — спытаў рэкалекцыяніст. — Паводле Катэхізіса Каталіцкага Касцёла, грэх — гэта правіна супраць праўды, розуму, чыстага сумлення; гэта недахоп сапраўднай любові да Бога і блізкага з-за заганнай прыхільнасці да некаторых выгод». З сямі грахоў святар вылучыў адзін, які нараджае ўсе астатнія грахі — пыха, з-за якой чалавек узвышае сябе, прыніжаючы іншых.

Пасля канференцыі адбыўся прагляд фільма «Сем смяротных грахоў», у якім сваімі разважаннямі на гэтую тэму дзяліліся як прадстаўнікі розных рэлігій, так і асобы свецкія.

Падчас другога дня рэкалекцый удзельнікі мелі магчымасць паразважаць над адным з сямі сакрамэнтаў — сакрамэнтам пакаяння. Сам Езус Хрыстус адкрыў таямніцу пакаяння: «І, сказаўшы гэта, дыхнуў, і сказаў: “Прыміце Духа Святога. Каму адпусціце грахі, таму будуць адпушчаныя; на кім пакінеце, на тым застануцца».

«Споведзь — гэта аздараўленне. Мы не ідзём да доктара і не кажам: “Я хворы”, але канкрэтна называем, што нас непакоіць. Так павінна быць і падчас споведзі, — адзначыў кс. Яўген Учкуроніс. — Таму варта добра рыхтавацца да гэтага сакрамэнту, асабліва падчас рахунку сумлення, які дапамагае нам стаць у праўдзе перад Богам».

Сустрэча з Божым словам — яшчэ адна магчымасць, каб паразважаць і перажыць праблемы, з якімі чалавек сутыкаецца падчас сакрамэнту пакаяння. Падмуркам у гэтым стала прыпавесць пра блуднага сына, а таксама карціна Харменса ван Рэйна Рэмбранта.

Цэнтральныя моманты дня — святая Імша, Крыжовы шлях і адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту — прасякнутыя духам любові і еднасці, да глыбіні душы закранулі кожнага ўдзельніка рэкалекцый.

Трэці дзень рэкалекцый быў прысвечаны тэме «Вера». Кс. Яўген Учкуроніс праз свае словы падчас канферэнцыі вылучыў галоўную думку, што без веры ўсе разважанні не маюць сэнса. «У Святым Пісанні вельмі выразна напісана наконт веры ў Пасланні да Габрэяў: “А вера ёсць здзяйсненне чаканага і ўпэўненасць у нябачным, — падкрэсліў рэкалекцыяніст. — Вера — гэта ахвяраваць усё ў рукі Божыя, гэта дабравольны акт веры: «Няхай станецца вам паводле веры вашай» (Мц 9, 29).

Пасля рэкалекцый усе былі запрошаны на святочны абед, падчас якога дырэктары «Карытас» павіншавалі супрацоўнікаў і валанцёраў з надыходзячымі святамі: перш за ўсё з Нацыянальным «Днём Карытас», а таксама ўсіх жанчын з 8 сакавіка — Міжнародным жаночым днём.

На шчаслівае вяртанне дадому і да працы супрацоўнікі «Карытас» атрымалі пастырскае благаслаўленне ад рэкалекцыяніста.

Паводле caritas.by, (AYU)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.