Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Сустрэча салезіянскіх аніматараў і кандыдатаў з розных месцаў Беларусі прайшла ў Мінску
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
09.03.2015 12:52

7-8 сакавіка ў салезіянскiм араторыi iмя святога Яна Боско ў Мінску (парафія Св. Яна Хрысціцеля) прайшла фармацыйная сустрэча салезіянскіх аніматараў і кандыдатаў з розных месцаў Беларусі. «Як кс. Боско: з моладдзю і для моладзі» — над гэтымі словамі дэвізу разважалі ўдзельнікі.

Сустрэча пачалася святой Імшой, падчас якой ксяндзы салезіяне i сёстры салезіянкі разам з аніматарамi i кандыдатамі мелі магчымасць з’яднацца з Хрыстом, сапраўдным прыкладам ахвяры і служэння.

Як адзначылі ўдзельнікі, немагчыма весці да Бога іншых людзей, калі самі не знаходзімся «ў кантакце з Богам», а таксама ў супрацоўніцтве адзін з адным. Гэта азначае, што выхаванне ў духу Дона Боско немагчыма без інтэграцыі. Для лепшага ўзаемадзеяння ўдзельнікам была прапанавана дынаміка «Сябар-вораг», якая дапамагла спраектаваць розныя сітуацыі адносін моладзі паміж сабой у араторыі, а таксама зразумець, як варта дзейнічаць у гэты момант кандыдату і аніматару.

Першы дзень завяршыўся адарацыяй — з асабістай сустрэчай з Богам, якая была спалучана з нешпарамі. Пасля адарацыі да раніцы ўдзельнікі трывалі ў цішыні, падчас якой вучыліся заўважаць тых, хто патрабуе дапамогі. Усе сабраныя адзначылі, што праяўляць  сваю любоў да бліжняга без словаў не заўсёды лёгка, але магчыма, калі гэта практыкаваць.

У другі дзень удзельнікі мелі магчымасць па салезіянскай традыцыі ўшанаваць Марыю Успамогу Хрысціянаў. Для малітвы на ружанцы яны выйшлі на вуліцу і тым самым змаглі засведчыць сваю веру праходзячым побач людзям.

У святочны дзень 8 сакавіка немагчыма было абыйсціся без віншаванняў. Але, як гэта ўласціва салезіянскай сям’і, віншаванні былі незвычайнымі, бо віншавалі як хлопцы дзяўчат з жаночым святам, так і дзяўчаты хлопцаў, бо, як падлічылі хлопцы, 8 сакавіка па новым стылі прыпадае 23 лютага па старым. Акрамя арыгінальных падарункаў, хлопцы і дзяўчаты праспявалі адзін аднаму прыгожыя песні.

З пачаткаў існавання араторыя кс. Боско перадаваў на заканчэнне кожнага года дэвіз, скіраваны да ўсёй сваёй моладзі ўвогуле і да кожнага асабіста. Гэты год, калі адзначаецца 200-годдзе з дня нараджэння св. Яна Боско, не выключэнне. «Як кс. Боско: з моладдзю і для моладзі» — над гэтым дэвізам салезіянскія кандыдаты і аніматары разважалі ў працах у групах і падчас агульнага падвядзення вынікаў, дзе таксама абмеркавалі прапановы далейшай дзейнасці салезіянскіх араторыяў у Беларусі.

Асаблівасцю сёлетняй фармацыі сталі словы «Vado io! Faccioio!» («Iду я! Раблю я!»). Кандыдаты і аніматары вучыліся першымі прыйсці на дапамогу патрабуючым, а таксама гатоўнасці бескарысна служыць iншым.

Паводле sdb.by

(AG)

Фота sdb.by

 


 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.