Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч цэлебраваў Імшу ў мінскай парафіі Св. Антонія (+фота)
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
22.03.2015 16:01

22 сакавіка, у V Нядзелю Вялікага посту, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч цэлебраваў святую Імшу ў парафіі Св. Антонія ў Мінску.

Звяртаючыся да парафіянаў падчас Імшы, арцыпастыр адзначыў, што ў гэты дзень праз літургічныя чытанні “Касцёл дапамагае нам усвядоміць цану нашага адкуплення і адначасова наша месца ў гэтай драме, у якой мы, як хрысціяне, павінны прымаць удзел”.

“Божы закон упісаны ў нашы сэрцы, і не мы самі сабе і не адзін аднаму, але Бог кажа нам, што павінны чыніць. Ён нагадвае нам, якімі мы ёсць: вернымі Яму ці не, - звярнуў увагу Мітрапаліт. - Не ўсе з гэтым згодны. Многія не хочуць захоўваць Божы закон і жадаюць жыць паводле свайго. Яны кажуць, што добра піць алкаголь, таму трэба спрабаваць. Іншыя кажуць, што добра ўжываць наркотыкі, таму таксама трэба спрабаваць. Трэція - што няма нічога дрэннага ў здрадзе сужэнцу, таму можна спрабаваць і расслабіцца. Яшчэ іншыя сцвярджаюць, што можна пазбавіцца ад непажаданай цяжарнасці праз аборт, бо нашто лішнія клопаты. Знойдзецца і той, хто скажа, што цяпер мода на гомасексуальныя саюзы - чаму не спрабаваць”.

“Мы павінны прызнаць, што тое, што свет часта называе прымальным, для нас, хрысціян, з’яўляецца немаральным, - падкрэсліў іерарх. - Гэта наш час і наша гадзіна. Перад намі выбар: быць з Хрыстом і жыць у міры з Богам і самім сабой ці выбраць тое, што папулярна і модна ў сучасным свеце, і заставацца з маральнымі праблемамі. Ніхто іншы і нішто іншае, але толькі грэх вядзе нас да праблем”.

 

“Кожны з нас мае сваю падобную гадзіну і свой час. У нашым жыцці ёсць шмат нагодаў, калі мы павінны выказаць вернасць Богу і гэтым самым паказаць, кім мы на самой справе з’яўляемся. Падчас Вялікага посту мы павінны пытацца ў сябе: кім мы хочам быць, належаць да Бога ці секулярнага свету?” – адзначыў арцыбіскуп.

“Часам мы павінны плаціць вялікую цану за вернасць хрысціянскаму пакліканню. Наша асяроддзе можа адмовіцца ад нас і выключыць са свайго кола. У такім выпадку трэба памятаць аб тым, што з дапамогай Божай ласкі мы зможам перамагчы ўсе цяжкасці, і няма нічога больш важнага, чым быць аб’яднаным з Хрыстом”, - заўважыў Мітрапаліт.

Поўны тэкст гаміліі>>>

Тлумачачы слова Хрыста ў Евангеллі аб тым, што хто любіць сваё жыццё, той загубіць яго, а хто ненавідзіць, той захавае яго для вечнага жыцця, іерарх адзначыў: “Гэтыя словы не трэба разумець у прамым сэнсе. Бог у пятай запаведзі кажа не забіваць, і Касцёл клапоціцца аб захаванні Божага дару жыцця. Справа ў тым, што мы павінны найперш клапаціцца аб духоўным стане свайго жыцця, а матэрыяльны не чыніць мэтай. Бо толькі такі шлях гарантуе нам у нашу гадзіну заставацца вернымі хрысціянскаму пакліканню”.

(AG)

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.