Адбылася сустрэча арганізацыйнага камітэта па падрыхтоўцы ўрачыстасцяў у Будславе |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
|
26.03.2015 15:30 |
26 сакавіка ў курыі Мінскай-Магілёўскай архідыяцэзіі адбылася сустрэча арганізацыйнага камітэта па падрыхтоўцы ўрачыстасцяў у Будславе. Сёлетні фэст у Будславе адбудзецца 3-4 ліпеня і пройдзе пад дэвізам «Марыя – прытулак грэшных».
Асноўныя матывы сёлетніх урачыстасцяў – навяртанне (гэтай тэме прысвечаны 2015 год у Касцёле ў Беларусі ў рамках падрыхтоўкі да юбілею 100-годдзя фацімскіх аб’яўленняў); Год кансэкраванага жыцця, які трывае ў Паўсюдным Касцёле; пяцідзясятая гадавіна завяршэння Другога Ватыканскага Сабору.
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі і іншыя члены камітэта вырашылі, што план урачыстасцяў будзе набліжаны да фармату мінулых гадоў. У пятніцу 3 ліпеня пасля сустрэчы і прывітання пілігрымаў для іх увечары адбудзецца святая Імша, арганізацыя спеву падчас якой даручана евангелізацыйнаму праекту «Рыбы». Пасля працэсіі са свечкамі і Імшы апоўначы моладзь з парафій, у якіх служаць ксяндзы салезіяне, у палатачным гарадку арганізуе адпаведную праграму. У гэты час у базыліцы і каля алтара адбудуцца набажэнствы згодна з планам, які будзе зацверджаны падчас наступнай сустрэчы арганізатараў фэсту.
Наступная арганізацыйная сустрэча пройдзе 2 чэрвеня ў Будславе. (AG)
|