На мінскай Кальварыі адбыўся Крыжовы шлях |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія |
28.03.2015 17:37 |
27 сакавіка ў мінскай парафіі Узвышэння Святога Крыжа адбыўся Крыжовы шлях. Набажэнства ўзначаліў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай дыяцэзіі Юрый Касабуцкі. У Крыжовым шляху, які праводзіўся ў парафіяльным касцёле, прымалі ўдзел таксама кс. Уладзіслаў Завальнюк, пробашч парафіі кс. Андрэй Сiповіч і Апостальскі візітатар для грэка-католікаў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек. Тэматыка разважанняў падчас набажэнства была звязана з жыццём кожнага хрысціяніна, з тымі цяжкасцямі, якія чалавек можа перажываць, калі нясе свой крыж разам з Езусам. “Гэтаксама, як і Хрыстус, мы ў сваім жыцці перажываем розныя моманты, таму пастараемся, разважаючы над гэтымі стацыямі, на якіх мы засяроджваем сваю ўвагу на розных момантах з жыцця Хрыста, перанесці іх і ў нашае жыццё, бо ведаем, што калі мы наследуем Хрыста, то бярэм свой крыж, нясем яго, але нясем яго не адны, а разам з Хрыстом. Ён падтрымлівае нас, дапамагае нам, падстаўляе нам сваё плячо”, – такімі словамі распачаў набажэнства Крыжовага шляху біскуп Юрый Касабуцкі. У разважаннях над пакутамі Хрыста ўдзельнічалі вернікі рознага ўзросту, але ў асноўным людзі ўжо сталага веку. Галоўным, што аб’ядноўвала ўсіх, была задуменнасць і засяроджанасць, якую можна было прачытаць на абліччах людзей: было ўражанне, што кожны ўдзельнік у думках ахвяраваў Езусу ўсё, што яго непакоіць. Пасля Крыжовага шляху адбылася святая Імша, якую ўзначаліў біскуп Юрый Касабуцкі. У гаміліі іерарх нагадаў вернікам пра небяспеку фарысейства і пра значэнне сапраўднай веры. Біскуп падкрэсліў вялікую ролю любові ў жыцці чалавека: “Бог перш за ўсё глядзіць у сэрца чалавека. І ні літара Закону, ні тое, што ты ў суботні дзень не зробіш больш чым тысячу дзвесце крокаў ад свайго дома, не важна, але важна, што ты хочаш прысвяціць гэты дзень Пану… З любоўю мы сустракаемся на першых старонках Бібліі. Бог з любові стварыў чалавека, і Езус кажа, што любоў – гэта галоўная каштоўнасць. Любоў, якая ёсць у сэрцы. Бо калі чалавек любіць, то ён сапраўды выконвае волю Божую. Як казаў адзін са святых: “Любі і рабі, што хочаш”. Калі ты любіш, то ты не здольны зрабіць нейкае зло…” |
Фотарэпартаж |