Юбілей 500-годдзя нараджэння св. Тэрэзы ад Езуса святкавалі кармэліты босыя ў Мінску |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія |
30.03.2015 16:37 |
28 сакавіка прыпадала 500-годдзе з дня нараджэння св. Тэрэзы ад Езуса, кармэлітанкі босай, Доктара Касцёла. Супольнасць кармэлітаў босых у Мінску, дом якіх носіць імя св. Тэрэзы Авільскай, урачыста адзначыла гэты дзень. Перад святой Імшой у капліцы Маці Божай Шкаплернай разам са свецкім законам і прысутнымі вернікамі былі праспяваны Нешпары і «Salve Regina». Падчас урачыстай цэлебрацыі святой Імшы а. Сяргей Трысцень у гаміліі наблізіў прысутным постаць св. Тэрэзы ад Езуса, звяртаючы ўвагу на яе заслугі ў дачыненні да Паўсюднага Касцёла. Гэты дзень упісаны як адзін з пунктаў урачыстасцяў у межах вялікага юбілею 500-годдзя нараджэння св. Тэрэзы ад Езуса. На гэты юбілей Папа Францішак даслаў кармэлітам босым спецыяльны ліст: «Лічу за ласку Божага Провіду тое, што гэта гадавіна супадае з Годам кансэкраванага жыцця, у якім святая з Авілы яснее як пэўная правадніца і прыклад поўнага аддання Богу. Гэта яшчэ адна нагода, каб паглядзець з удзячнасцю ў мінулае і нанова адкрыць «натхняльную іскру», якая дала імпульс заснавальнікам і першым супольнасцям» (пар. Ліст да кансэкраваных асоб, 21 лістапада 2014). Прамаўляючы гамілію, святар паказаў постаць св. Тэрэзы, як той кансэкраванай асобы, якая свой вопыт малітвы брала з непасрэднага спаткання з Хрыстом. Яе малітоўны вопыт, як і няспынны дыялог з Богам і жыццё ў супольнасці, застаюцца для сучасных вернікаў сведчаннем і спадчынай у служэнні Касцёлу. Тыя, каго цікавіць школа кармэлітанскай малітвы, запрашаюцца на супольную малітву — Нешпары. Яна адбываецца кожны чацвер у капліцы Маці Божай Шкаплернай (Мінск, вул. Герасіменкі, 6/1). Пачатак у 18.30. (AYU) |
Фотарэпартаж |