Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Беларускія легіянеры склалі прысвячэнне на вернасць Марыі ў Мінску
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
31.03.2015 16:15

28 сакавіка ў мінскай архікатэдры адбыўся галоўны штогадовы сход Легіёна Марыі «Acies».

Гэтае лацінскае слова азначае войска ў баявым строі. Яшчэ можна сказаць, што гэта агляд войска, калі легіянеры збіраюцца ўсе разам і ўзнаўляюць абяцанне на вернасць Панне Марыі, Каралеве Легіёна, каб атрымаць ад Яе сілу і благаслаўленне на далейшую барацьбу супраць сілаў зла.

Легіянераў, якія прыехалі з розных куткоў Беларусі, прывітаў духоўны кіраўнік Легіёна Марыі ксёндз Раман Суша. Таксама святар нагадаў пра сутнасць і важнасць прысвячэння сябе Дзеве Марыі. У прысутнасці Езуса ў Найсвяцейшым Сакрамэнце ўрачысты сход распачаўся малітвай да Духа Святога і Ружанцам.

Потым легіянеры ў працэсіі пайшлі праз увесь касцёл да алтара, дзе стаяла фігурка Маці Божай і сцяг Легіёна. Укленчыўшы, легіянер клаў руку на дрэўка сцяга і прамаўляў асабістае прысвячэнне: «Я ўвесь духам Твой, Каралева і Маці мая, і ўсё, што я маю, належыць Табе!» Гэтыя словы многія вымаўлялі са слязьмі на вачах, слязьмі хвалявання і ўдзячнасці Пану Богу і Божай Маці за пакліканне ў Легіён Марыі. Калі працэсія была завершана, ксёндз Раман Суша ад імя ўсіх прысутных прамовіў калектыўнае прысвячэнне Дзеве Марыі.

З нагоды гэтай падзеі адбылася святая Імша, якую разам з ксяндзом Раманам Сушам цэлебраваў духоўны кіраўнік Легіёна Марыі з Лагойска айцец Томаш Маліноўскі.

Падчас гаміліі кс. Раман Суша ў прыватнасці адзначыў: «Пан Бог за адну ноч вывеў Ізраіль з Егіпта, але потым на працягу 40 гадоў немагчыма было вывесці Егіпет з сэрца Ізраіля. А мы, сучасныя хрысціяне, якіх Езус Хрыстус збавіў на крыжы і гэтым самым вывеў з пустыні вечнай смерці, ці гатовыя вывесці грэх са сваіх сэрцаў?..» Прынамсі ў гэты дзень выводзіць грэх з сэрцаў дапамагалі ў канфесіяналах праз сакрамэнт пакаяння святары Дзмітрый Пухальскі, Віталь Бурко, Сяргей Трысцень, за што легіянеры ім вельмі ўдзячныя.

Завяршылася свята ў дольным касцёле, дзе быў наладжаны салодкі стол. За кубкам гарбаты легіянеры дзяліліся ўражаннямі ад перажытай падзеі, абмяркоўвалі навіны, складалі сведчанні. Вясёлы і радасны настрой панаваў сярод сабраных, а Божая ласка, якую кожны адчуў у сваім сэрцы, дадавала сілы і жадання ісці наперад у нялёгкім апостальскім служэнні.

Галіна Калевіч

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.