Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Малодшыя вернікі з Мар’інай Горкі правялі Крыжовы шлях у Асіповічах
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
31.03.2015 17:09

27 сакавіка група дзяцей «Пухавіцкія пярлінкі» касцёла святога Антонія ў Мар’інай Горцы правяла Крыжовы шлях у суседніх Асіповічах.

Прайсці шлях, які вядзе да сустрэчы Бога з болем, і пачуць жалобны спеў пакут разам з дзецьмі сабралася шмат парафіянаў мясцовага касцёла, законныя сёстры ядзвіжанкі і пробашч айцец Натанаэль Войтала OFM.

Госці падрыхтавалі інсцэніраваны Крыжовы шлях, які суправаджаўся кадрамі з кінафільма «Мукі Хрыста».

Малодшыя вернікі з Мар’інай Горкі выказалі сваё гарачае жаданне быць з Езусам, які церпіць. «З тым Езусам, якога ўкрыжавалі, а Ён з крыжа благаслаўляў. З тым Езусам, што быў замучаным пад цяжарам крыжа, параненым несправядлівымі словамі, але які не сышоў з крыжа. З тым Езусам, што, прымаючы пакуту, маліў Нябеснага Айца: “Даруй ім, Ойча, як Я дарую!» — былі словы разважанняў дзяўчат.

Гэты Крыжовы шлях быў імкненнем наблізіць усіх да таямніцы сапраўднага Жыцця, да якой вернікі рыхтуюцца на працягу Вялікага посту, да таямніцы Уваскрасення.

Пасля інсцэніраванага набажэнства адбылася святая Імша. Напрыканцы Эўхарыстыі пробашч айцец Натанаэль Войтала шчыра падзякаваў гасцям, на чале з кс. Генрыхам Кучынскім, за прыезд, а таксама за тое, што далі магчымасць усім сабраным больш глыбока перажыць моманты Мукі Хрыста.

Напрыканцы дзеці атрымалі шчырыя апладысменты і запрашэнне прыехаць зноў. Дарога дадому была асвечана глыбокім задавальненнем ад дапамогі іншым ва ўмацаванні і паглыбленні веры.

Кс. Генрых Кучынскі
Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.