Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
EMMAUS — новы хрысціянскі гурт, які нарадзіўся ў Барысаве
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
20.04.2015 17:02

У касцёле Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі ў Барысаве велікодным падарункам быў канцэрт парафіяльнага гурта EMMAUS, які ўтварыўся зусім нядаўна. Пра ідэю з’яўлення гурта і яго ўдзельнікаў распавядае адна з яго удзельніц — Наталля Александровіч.

Пра ідэю з’яўлення

Ідэя стварэння музычнага гурта ў нашай парафіі нарадзілася зусім нядаўна, напрыканцы студзеня гэтага года. Можна сказаць, што «татам» ідэі стаў Жэня Козак. Ён усё слухаў і слухаў, глядзеў-глядзеў на хрысціянскія гурты і вырашыў стварыць свой».

Пра склад гурта

«Жэня прапанаваў паўдзельнічаць у стварэнні гурта кожнаму ў касцёле, хто спявае ці грае на якім-небудзь інструменце. У выніку засталіся тыя, каму гэта было цікава. Нас засталося шэсць чалавек: Жэня Козак, Андрэй Немялоўскі, я —Наталля Александровіч, Кацярына Александровіч, Маша Крапіўка, Улад Чайкоўскі. Можна сказаць, што наша група ў нейкім сэнсе па часе нараджэння «велікодная».

Пра назву

«Назва EMMAUS — «гарачая крыніца» з грэчаскай мовы, назва мясцовасці ў Юдэі, якая ўзгадваецца ў Евангеллі паводле Лукі, была прапанавана Андрэем Немялоўскім на Пальмовую нядзелю. Эмаўс — гэта якраз тое месца, дзе з’явіўся Уваскрослы Хрыстус сваім вучням».

Пра першы канцэрт

«А на Нядзелю Божай Міласэрнасці ў нас адбыўся першы канцэрт у родным касцёле. Амаль усе спевы на канцэрце былі аўтарскія. Жэня напісаў  спевы — «Любіць цябе», «Творца», «З малітвай», «Шлях да Бога», а маё з Андрэем — «Твае словы»). Таксама мы вырашылі ўзяць некалькі спеваў не нашага аўтарства. Гэтыя спевы былі польскія, але перакладзеныя на беларускую мову, якія, можна сказаць, «на слыху» і любімыя большасцю. Такім чынам людзі маглі з намі спяваць, ды і нам не так страшна было».

Пра гурткоўцаў

«Мы ўсе розных прафесій і зацікаўленасцяў. Жэня, Каця і я — ужо працуем, Маша — студэнтка першага курса, Улад — студэнт-медык, які вучыцца ў Віцебску, а Андрэй таксама заканчвае ўніверсітэт і ўжо працуе. Адным словам — хто дзе зараз, але ўсе паходзім з Барысава».

Першы канцэрт слухала ўся парафія, для якой ён задумваўся як падарунак і ўчынак міласэрнасці на адпаведны дзень.

На канцэрце перад спевамі гучалі ўрыўкі з Евангелля і тэматычныя разважанні, якія ўводзілі слухачоў, а таксама і выканаўцаў у тэму і настрой кожнага новага спеву.

Падрыхтавала Аксана Ючкавіч

 

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.