Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Экскурсія «Таямніцы і скарбы мінскіх кляштароў» на фэсце экскурсаводаў стала адной з самых масавых
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
21.04.2015 15:34

19 красавіка ў межах фэсту экскурсаводаў была праведзена тэматычная аўтарская экскурсія «Таямніцы і скарбы мінскіх кляштараў». Шукаць скарбы і раскрываць таямніцы сабралася каля 200 чалавек. Каталіцкая спадчына выклікала неверагодную цікавасць, і ў гэтым годзе экскурсія стала адной з самых наведваемых.

Пачалася вандроўка ў мінулае ад кінатэатра «Перамога». Месца было выбрана невыпадкова — там знаходзіўся старажытны жаночы кляштар і касцёл бэнэдыктынак.

Колькасць наведвальнікаў уражвала, але, нягледзячы на перашкоды, усе рушылі далей у пошуках скарбаў.

Некалькі крокаў — і ўсе побач з тым месцам, дзе знаходзіліся кляштары францішканаў і марыявітак. Экскурсавод Дзяніс Філіпчык распавядае аб мінулым, і тут з’яўляецца постаць манаха дамініканскага кляштара. Усе ўражаны: толькі загаварылі аб гісторыі, і яна ажывае.

Маршрут пралягае далей да Кастрычніцкай плошчы, дзе схаваны закансерваваныя падмуркі найстарэйшага каталіцкага кляштара — дамініканскага.

Адтуль скіраваліся да базыліянскіх муроў, а там чакала неспадзяванка — з’яўляюцца два шляхцюкі. Невялічкая спрэчка і двубой — так заканчваецца дыспут аб высокіх матэрыях.

Удзельнікаў чакалі яшчэ таямніцы і скарбы, легенды і гістарычныя факты. Яны даведаліся не толькі пра бернардынцаў і бернардынак, але і пра баніфратраў, рохітаў, кармэлітаў і бэнэдыктынцаў.

Скончылася экскурсія ў сучаснай катэдры, а ў мінулым — езуіцкім кляштары. Усіх, хто, нягледзячы на вецер і сцюжу, датрываў да канца, чакаў невялікі канцэрт арганнай музыкі.

Шмат удзельнікаў, шмат цікавасці з боку грамадскасці. Спадзяюся, гэта толькі пачатак. Чаму б не праводзіць такія экскурсіі стала, хаця б раз у месяц? Так мы прыцягнулі б увагу да страчанай спадчыны і той спадчыны, якой ганарымся і сёння. А там і адзін крок, да стварэння музея каталіцкай гісторыі Мінска.

Дзяніс Філіпчык, экскурсавод

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.