Кармэліты босыя і парафіяне запрашаюць наведваць мядзельскую Кальварыю |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія |
24.04.2015 16:06 |
Ішоў час… Капліцы будаваліся, і 14 верасня 2014 года, у свята Узвышэння Святога Крыжа, Мітрапалітам Мінска-Магілёўскім арцыбіскупам Тадэвушам Кандрусевічам была асвечана адбудаваная Кальварыя.
І вось 3 красавіка 2015 года, упершыню ў Вялікую пятніцу, а 15-й гадзіне на ўскрайку Мядзела каля ўваходнай брамы на Кальварыю сабралася вялікая колькасць вернікаў, каб прайсці Крыжовы шлях па адбудаванай Кальварыі. Айцы кармэліты босыя мядзельскай парафіі запрашаюць вернікаў прайсці праз браму, і ўсе накіроўваюцца да першай капліцы, вядома, першай стацыі. Вакол цішыня… Толькі лёгкі подых ветру калыша верхавіны дрэў. Айцец Юрый Кулай чытае разважанне пра пакуты Збаўцы. Затым вернікі, моўчкі, нізка схіліўшы галовы, накіроўваюцца да наступнай капліцы і г.д. Стацыя за стацыяй, разважаючы над мукаю Збаўцы, услухоўваючыся ў словы Святога Пісання, працэсія ідзе да гары Трох Крыжоў. На гэтай гары пабудаваны вялікі палявы алтар, дзе цэлебруецца Эўхарыстыя падчас урачыстасцяў. На гэтай гары пабудавана таксама апошняя стацыя Крыжовага шляху. Крыжовы шлях пройдзены. Ён быў напоўнены малітвай, разважаннямі, рахункам уласнага сумлення, у час якога так шмат перадумаецца і прааналізуецца…
І няхай хтосьці махне рукой: маўляў, ім няма чаго рабіць – вось і ходзяць з крыжам па дарогах і лесе. І няхай хтосьці з пагардай дэманстратыўна адвернецца ад пілігрымнага крыжа, але ж мядзельская Кальварыя заклікае ўсіх нас шчыра верыць у Бога праз шматгадовае сведчанне гэтага святога месца і перадаваць гэтую веру сваім дзецям і ўнукам. Мы ўпэўнены, што яна стане адным з тых вядомых рэлігійных цэнтраў, куды будуць прыбываць пілігрымы з розных куткоў не толькі Беларусі, каб прамовіць словы ўдзячнасці Богу і аддаць даніну памяці стваральнікам гэтага ўтульнага куточка на беразе Мядзельскага возера. |
Фотарэпартаж |