Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Адпустовая ўрачыстасць св. Войцеха прайшла ў капліцы в. Вялікая Страча
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
27.04.2015 13:49

25 красавіка свірскую парафію з нагоды адпустовай урачыстасці св. Войцеха ў капліцы в. Вялікая Страча наведаў дапаможны біскуп Мінска- Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі.

На пачатку святой Імшы вернікі, моладзь і дзеці прывіталі біскупа, віншуючы з імянінамі, адначасова ўзгадваючы некалькі момантаў з жыцця і існавання капліцы, якая святкавала 20-годдзе.

«Сёння мы хацелі прыгадаць сабе і расказаць Вам, як гэта адбывалася. 25 год таму наша парафія атрымала дазвол на адкрыццё парафіяльнага касцёла, - распавялі маладыя парафіяне ў прывітальным слове. - Радасць вернікаў з гэтай нагоды цяжка перадаць. У нашу парафію быў накіраваны малады святар з Польшчы кс. Войцех Леманскі, які глыбінёй сваёй веры, увагай да людзей, непахіснасцю ў стаўленні да Бога, уласным прыкладам перавярнуў наш светапогляд. Мы былі духоўна беднымі. Ён дапамог нам адчуць сілы і ўзрастаць у веры.

Гэта быў пачатак сапраўднага хрысціянскага жыцця. Нягледзячы на непамерныя цяжкасці, кс. Войцех праводзіў душпастырскую працу ў трох парафіях на працягу пяці гадоў, у 1995 г. адну са сваіх парафій Маці Божай Добрай Рады, што ў Нястанішках, перадаў іншаму святару. Пасля чаго стала болей часу, і ён паехаў у больш аддаленыя вёскі. Прыехаў і да нас у Страчу. Шукаў месца – збіраў у дамах людзей, у клубах. Праводзіў Імшы. Дзе не было дазволу – проста навучаў. А калі калгасная кантора пераехала ў новы будынак – выкупіў стары і распачаў будову капліцы.



За будаўніцтва ўзяліся з вялікім натхненнем. Хоць час быў дэфіцытным, але дзякуючы бадёрасці духа кс. Войцеха і акрыленасці людзей, святыняй якіх доўгі час было толькі іх сэрца – справа рухалася хутка. Ніхто не зважаў на цяжкасці. У гарачы час нават жанчыны мяшалі раствор… кс. Войцех усюды быў наперадзе. Дзіўна! У непасрэднай блізкасці сямі касцёлаў паўстала капліца св. Войцеха ў в. Страча, сталася воля Пана, якую кс. Войцех выканаў дзеля нас. У снежні 1995 г. біскуп Казімір Свёнтэк асвяціў гэтую маленькую святыню.

Пан Бог зрабіў усё, каб быць яшчэ бліжэй да нас у Найсвяцейшым Сакрамэнце. Астатняе было за намі, паўстаў хор, хлопчыкі-міністранты, кола Жывога Ружанца. Капліца ажыла. Напачатку Імша праводзілася раз у два тыдні. А калі пробашчам стаў кс. Багуслаў, які ўжо 17 гадоў з намі, мы маем магчымасць слухаць Слова Божае штотыдзень і ў святы. Перад кожнай Імшой збіраюцца нашы вернікі, каб супольна памаліцца на ружанцы і папрасіць дапамогі ў Маці Божай і ўсіх святых. Тут мы збіраемся на маёвыя набажэнствы, кожны дзень Вялікага посту праходзім шлях нашага Збаўцы, молімся на ружанцы ў кастрычніку. Не так даўно з’явіўся апостальскі рух “Маргарытка”, і невялікае кола людзей моліцца ў розных патрэбах, за хворых дзяцей, аб супакоі ў свеце, у Беларусі.

Таму сёння, ва ўрачыстасць апекуна нашай капліцы і 20-годдзе яе адраджэння, уся наша супольнасць вернікаў славіць Пана Бога ў Тройцы Адзінага, узносіць Яму пашану і хвалу, складае падзякі: за Тваю, Божа, любоў да нас; за дар гэтай каплічкі, якая стала цэнтрам нашага жыцця, сэрцам нашай вёскі; за дар нашых святароў ( бо любая святыня без святароў праз пэўны час становіцца проста памяшканнем); за Вас, Ваша Эксцэленцыя, і ў Вашай асобе за нашага арцыпастыра Тадэвуша і ўсіх біскупаў Беларусі. За кс. Войцеха Леманскага – адданага Табе, Божа, святара, які для нас з’яўляецца прыкладам апостальскага служэння. За нашага пробашча Багуслава, яго чулае сэрца, глыбокую веру. За ўсіх, хто служыў і служыць у нашай парафіі: семінарыстаў, дыяканаў, вікарыя, законных сясцёр, усіх святароў місіянераў, рэкалекцыяністаў, тых, хто праз усе 20 гадоў служыў нашаму Касцёлу; за св. Яна Паўла ІІ, кардынала Казіміра Свёнтка, кс. інфулата Станіслава Кучынскага, нашых продкаў, якія сілай сваёй малітвы збераглі веру і перадалі нам».


Урачыстая святая Імша завяршылася працэсіяй з Найсвяцейшым Сакрамэнтам вакол капліцы і гімнам падзякі «Te Deum».

Пробашч парафіі падзякаваў біскупу Юрыю Касабуцкаму і ўсім вернікам за супольную малітву, за прысутнасць і арганізацыю гэтай адпустовай урачыстасці.

Людміла Івашкевіч

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.