3 мая ў парафіі Св. Андрэя, апостала, у Нарачы адзначалася ўрачыстасць першай гадавіны кананізацыі Папы Яна Паўла ІІ. Святую Імшу ў гэты дзень у Нарачы цэлебраваў Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці.
Да ўрачыстасці нарачанцы рыхтаваліся загадзя: у парафіі быў праведзены фотаконкурс «У гэтым прамінанні ёсць сэнс», дзеці парафіі ўдзельнічалі ў конкурсе малюнкаў «Сумны святы – не святы», які праводзіў часопіс «Маленькі рыцар Беззаганнай».
Святкаванне пачалося на прыкасцёльным пляцы, калі парафіяне і госці маглі пакаштаваць кандытарскія вырабы нарачанскіх гаспадынь – удзельніц конкурсу выпечкі папскіх пірожных. Там жа, на прыкасцёльным пляцы, ствараючы святочны настрой, пачаў радаваць нарачанцаў сваёй ігрой фальклорны калектыў з Пастаў «Паазер’е».
Арцыбіскупа Клаўдыё Гуджэроцці ля ўваходнай брамы сустрэў пробашч парафіі і прадстаўнікі раённай і мясцовай улады. Пасля прывітання Апостальскі Нунцый усклаў кветкі і памаліўся ля помніка святому Яну Паўлу ІІ.
Па традыцыі ля ўвахода ў касцёл арцыбіскупа прывіталі нарачанскія гаспадыні, уручыўшы карзіну з выпечкай і адзначыўшы, што Яго Эксцэленцыі не трэба ехаць у Вадавіцы, каб пакаштаваць любімыя пірожныя святога Яна Паўла ІІ.
Перад Імшой у касцёле адбыўся канцэрт у гонар святога Яна Паўла ІІ фальклорнага калектыву «Паазер’е», які выконваў беларускія народныя песні і аўтэнтычныя мелодыі, запісаныя ў груздаўскіх музыкаў.
Падчас святой Імшы ў гаміліі Апостальскі Нунцый звярнуў увагу на асобу святога Яна Паўла ІІ, адзначыўшы, што ён выканаў сваё пакліканне да канца, і нават будучы цяжка хворым, нямоглым, Вялікі Папа знаходзіў у сабе сілы служыць Богу і чалавеку.
Пасля гаміліі арцыбіскуп асвяціў парафіяльную бібліятэку, якая з гэтага дня стала насіць імя святога Яна Паўла ІІ.
Адмысловы падарунак зрабіла Апостальскаму Нунцыю моладзь нарачанскай парафіі. Яна падаравала арцыбіскупу кнігу, надрукаваную спецыяльна да гэтай нагоды, у якой змешчаны Крыжовы шлях і разважанні на адарацыю Найсвяцейшага Сакрамэнту, складзеныя з вершаў Рыгора Барадуліна. Кніга стала падзякай арцыбіскупу Клаўдыё Гуджэроцці за павагу і пашану да духоўнай і культурнай спадчыны беларусаў.
Завяршыліся ўрачыстасці ў Нарачы ўшанаваннем рэліквій крыві святога Яна Паўла ІІ і ўзнагароджаннем Апостальскім Нунцыем удзельнікаў конкурсу фотаздымкаў і выпечкі папскіх пірожных.
Ірына Шнітоўская, фота Ірыны Школінай
|