Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
У Чэрвені адбылася Iмша ў 9-ю гадавiну смерці ксяндза Мечыслава Лабяка
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
08.05.2015 13:02

6 мая ў касцёле Узвышэння Святога Крыжа ў Чэрвені адбылася святая Iмша ў 9-ю гадавiну смерці першага пробашча чэрвеньскай парафіі ксяндза Мечыслава Лабяка. Імшу канцэлебравалі пробашч чэрвеньскай парафіі кс. Вячаслаў Дубавец і пробашч парафіі Святога Антонія Падуанскага ў Мар’інай Горцы кс. Генрых Кучынскі.

У Імшы ўдзельнічалі вернікі не толькі з Чэрвеня, але таксама 14 чалавек з суседняй Мар’інай Горкі. У гэтых дзвюх парафіях амаль чатыры гады (да смерці ў 2006 г.) выконваў пастырскую паслугу ксёндз Мечыслаў.
 
Жыццёвы шлях кс. Мечыслава Лабяка — узор жыцця сапраўднага хрысціяніна, католіка — можа стаць прыкладам для кожнага верніка. Чалавек глыбокай веры, малітвы, ён вёў жыццё згодна з навучаннем Езуса Хрыста, слухаў голас Бога ў сваім сэрцы, паводле якога распазнаваў свой шлях і складаў асабістае жыццё.
 
Нарадзіўся ксёндз Мечыслаў у 1938 годзе ў Заходняй Украіне (каля Львова), якая ў той час уваходзіла у склад Польшчы, у пабожнай каталіцкай сям’і (старшэйшы брат — ксёндз і дзве родныя сястры — законніцы). Меў дыплом ветэрынара, 17 гадоў працаваў па здабытай спецыяльнасці. Ужо ў сталым узросце распазнаў духоўнае пакліканне Езуса Хрыста і пайшоў вучыцца ў семінарыю, стаў святаром і да 60 гадоў працаваў у парафіях Лодзькай дыяцэзіі (Польшча). Па голасу Хрыста ў 60-гадовым узросце як місіянер прыехаў у Беларусь, і тут на працягу васьмі гадоў выконваў пастырскую паслугу ў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, дзе евангелізаваў насельніцтва, будаваў жывы Касцёл з людскога асяроддзя Міншчыны.


Ксёндз Мечыслаў клапаціўся аб душах вернікаў, спяшаўся на дапамогу кожнаму чалавеку малітваю, мудрай парадай і нават матэрыяльнай падтрымкай. З 2002 года прызначаны пробашчам чэрвеньскай парафіі, дзе распачаў справу будовы не толькі жывога Касцёла, але і матэрыяльнай святыні. Гэтай нялёгкай справе аддаў апошнія чатыры гады жыцця. Нікому не скардзіўся, нікога не папракаў, з ласкавай усмешкай сустракаў кожнага гараджаніна і з вялікай любоўю нёс Добрую Навіну Пана Езуса Хрыста, успрымаў кожнага парафіяніна як блізкага чалавека і быў здольны шчыра спачуваць у розных справах. Каб данесці Евангелле і навуку Каталіцкага Касцёла ў далёкія закуткі Чэрвеньскага і Пухавіцкага раёнаў, ксёндз Мечыслаў у 66-гадовым узросце скончыў школу аўтамабілістаў.

Памёр у 68-гадовым узросце (2006 г.) у сакрыстыі перад вячэрняй святой Імшой. Вось ужо дзевяць гадоў як яго з намі няма, але мы верым, што гэты сціплы, пабожны і добры сэрцам святар з’яўляецца нашым нябесным заступнікам перад Богам у зямных штодзённых справах, а асабліва ў справах будовы святынь. Назаўсёды ксёндз Мечыслаў застанецца ў памяці вернікаў як першы пробашч парафіі, духоўны правадыр, руплівы вучань Езуса Хрыста і проста добры чалавек.

Алена Катко

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.