9 мая ў касцёле свв. Сымона і Алены ў Мінску прайшоў сімпозіум «Любоў — нашае пакліканне. Сям’я, якая жыве ў паўнаце», арганізаваны Радай па справах сям'і пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі. Лекцыі на тэму захавання любові і правільнай камунікацыі ў сям’і прачыталі выкладчыкі з каталіцкай сямейнай кансультацыі.
Распачаўся сімпозіум святой Імшой, якую ўзначаліў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі. На пачатку Імшы іерарх падкрэсліў важнасць і актуальнасць такіх мерапрыемстваў для сучаснага грамадства.
«Кожны чалавек пакліканы да любові. Езус Хрыстус заахвочвае нас любіць адзін аднаго. Асаблівым чынам гэтая любоў праяўляецца ў сям’і. Калі мы вучымся дарыць любоў адзін аднаму і быць ахвярнымі, калі мы вучымся пераадольваць перашкоды, з якімі сустракаемся, то гэтая любоў здольная падарыць нам унутраную радасць, якой мы можам дзяліцца з іншымі людзьмі», – заўважыў біскуп у гаміліі.
Пасля Імшы біскуп Юрый Касабуцкі ўрачыста адкрыў сімпозіум, прывітаўшы ўсіх удзельнікаў і ўдзяліўшы пастырскае благаслаўленне.
Вядучы сімпозіуму а. Пётр Фраштэнга на пачатку мерапрыемства прадставіў зборнік падрыхтоўчых катэхез да Сусветнай сустрэчы сем’яў у Філадэльфіі на беларускай мове «Любоў – нашае пакліканне. Сям’я, якая жыве ў паўнаце». Выданне прызначана для ўсіх сем’яў, а асабліва для тых, якія рыхтуюцца да сустрэчы з Папам Францішкам.
Першым пунктам праграмы сімпозіуму стала лекцыя «Любоў – гэта скарб, схаваны ў гліняным посудзе». Падчас дакладу ўдзельнікі даведаліся, што Бог праз шлюб вызваляе мужчыну і жанчыну ад адзіноты, дапамагае ім адчуць сябе прынятымі з боку іншага, адкрывае іх на новае жыццё.
Як адзначалася падчас лекцыі, чалавек хоча ствараць новае, а вяршыняй яго творчасці з’яўляецца перадача жыцця. Гэта сапраўдная таямніца паміж Богам і чалавекам. Чалавек, які знаходзіцца ў цэлібаце, таксама патрабуе перадаваць жыццё. І ў гэтым сэнсе ён прыносіць ахвяры. Аднак і тут ён перадае жыццё, але жыццё духоўнае, жыццё веры.
Было падкрэслена, што фундамент шлюбу – любоў, але «калі мы паглядзім на жыццё нашых братоў і сясцёр, то ўбачым, што любоў – гэта скарб, схаваны ў гліняным посудзе».
Таксама было закранута пытанне разладу паміж многімі сужэнцамі; адзначалася, што цана за раздзяленне паміж мужчынам і жанчынай можа быць вялікая — гэта адзінота, ізаляцыя, а часам і смерць.
Падчас канферэнцый разважалі таксама над пытаннем: як будаваць і павялічваць любоў паміж мужчынам і жанчынай у шлюбе? Адказ быў наступны: патрэбна станавіцца дарам адзін для аднаго, адкрывацца адзін на аднаго і перадаваць жыццё, бо ніхто не можа навучыць быць дарам больш, чым мужчына і жанчына, якія кахаюць адно аднаго.
Пасля лекцыі ўдзельнікі сімпозіуму пачулі сведчанне з сямейнага жыцця Роберта і Марыі. Роберт пазнаёміўся з Марыяй па дарозе з касцёла. Ён прызнаўся, што пасля 18 гадоў шлюбу любіць сваю жонку яшчэ мацней; адзначыў, што вельмі важным для сем’яў з’яўляецца прыклад навяртання менавіта мужчыны, бо, калі мужчына навяртаецца, то навяртае таксама ўсю сям’ю. Сваю сям’ю Роберт параўнаў са сталом, у якога чатыры нагі, або чатыры апоры. Гэта малітва, Слова Божае, святыя сакрамэнты і хрысціянская супольнасць.
Марыя ж прызналася, што вымаліла свайго мужа. У іх з Робертам было вяселле без алкаголю, аднак было весела, таму што сябры сужэнцаў прыдумалі цікавую праграму. «З цягам часу я зразумела, што мой муж з’яўляецца для мяне дарам. І я пачала задумвацца, ці вартая я такога дару. Я падумала, што калі я атрымала такі дар, то я буду старацца таксама быць добрым дарам для яго», — распавяла жанчына, а таксама прызналася, што яе каханне да мужа з гадамі толькі ўзмацняецца. Лекцыя «Дыялог, які садзейнічае любові» дапамагла прысутным па-новаму адкрыць для сябе ролю камунікацыі паміж мужам і жонкай, а падчас варштатаў пры дапамозе спецыяльнай гульні ўдзельнікі вучыліся гэтай камунікацыі ў парах.
Напрыканцы сімпозіуму адбылося падсумаванне і агучванне вынікаў.
Кожны з удзельнікаў сімпозіуму прыйшоў сюды са сваімі асабістымі мэтамі. Некаторымі з іх падзяліліся самі ўдзельнікі:
«Я вучуся ў школе сямейнага жыцця, і гэтая школа дала мне вельмі шмат, проста перавярнула ўсю маю свядомасць. Такія канферэнцыі я не прапускаю. Я ведаю, што мне сюды патрэбна прыйсці. Я думаю, што кожны тут пачуе ўсё, што хацеў бы пачуць. Сюды прыходзіш, як у адну сям’ю, таму што ўжо вельмі шмат людзей, якіх ты індывідуальна ведаеш… І я вельмі ўдзячная людзям, якія тут выступаюць, таму што яны такім вопытам дзеляцца, аб якім ні ў адной кніжцы не прачытаеш…» (Юлія Мількоўская, Ліда)к «Тэма вельмі цікавая. Я сама маю ўласную сям’ю. У мяне двое маленькіх дзетак, таму ўсе пытанні, звязаныя з сям’ёй, з нейкім паляпшэннем жыцця сям’і, вельмі цікавяць. Хочацца не стаяць на месцы, развівацца, даведвацца нешта новае…» (Святлана Навакас, Мінск) к «Па-першае, я прыйшла, таму што нас запрасілі на сімпозіум у школе сямейнага жыцця. Па-другое, калі даведалася, пра што гэты сімпозіум, зразумела, што гэта актуальная тэма, якая сёння павінна разглядацца і яе павінен ведаць кожны чалавек, каб дапамагчы сваім дзецям, унукам, сябрам, можа, растлумачыць нейкія актуальныя пытанні, таму што праблем шмат у сем’ях, а як да іх падыходзіць? Звычайна мы ўсе так занятыя, што адказы на іх шукаць не маем часу. Тут шмат спецыялістаў, якія могуць даць адказ на гэтыя пытанні…» (Маргарыта Бяганская) к «Я прыйшла на сімпозіум, таму што зацікавілася лекцыямі Наталлі Пан. Але, калі прыйшла, зразумела, што Бог нездарма мяне сюды прывёў. Я адкрыла, што асновы веры і маральная тэалогія – гэта тое, з якога пункту гледжання мяне цікавіць псіхалогія і ўвогуле жыццё…» (Таццяна Мехаўцова, студэнтка трэцяга курса «Школы сямейнага жыцця»). к Марына Валасар Фота Марыны Валасар і Віктара Ведзеня
|