13 мая, ва ўспамін Найсвяцейшай Панны Марыі з Фацімы, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч цэлебраваў святую Імшу ў парафіі Маці Божай Фацімскай у Жодзіне. Падчас Імшы іерарх удзяліў вернікам сакрамэнт канфірмацыі.
У гаміліі Мітрапаліт прыгадаў гісторыю аб’яўленняў Маці Божай у Фаціме., якія цесна звязаны з нашай зямлёй. «Mарыя, як духоўная Маці ўсяго чалавецтва, любіць усіх людзей. Аднак, падобна да зямной маці, Яна асаблівую ўвагу прысвячае найбольш слабым, тым, якія знаходзяцца ў небяспецы, — адзначыў арцыпастыр. — У такой сітуацыі амаль 100 гадоў таму апынуліся нашыя продкі. Эпідэмія ідэалагічнага і ваюючага атэізму пагражала ім».
Сёння, як дадаў Мітрапаліт, увесь свет занепакоены эпідэміяй Эболы, ад якой няма эфектыўных лекаў; падобнай эпідэміяй таго часу была пагроза атэізму і цесна злучанага з ім пераследу Касцёла. У такіх абставінах, нагадаў іерарх, Марыя аб’явілася тром фацімскім пастушкам, каб праз іх перадаць Божае пасланне людзям нашай зямлі і ўсяму чалавецтву. Сэнс гэтага паслання «заключаецца ў Яе закліку да малітвы і навяртання»: «Марыя сказала, што калі людзі будуць маліцца і стануць на шлях навяртання, усё будзе добра».
«Аднак, як Божая пасланніца, Яна добра ведала, што падобна таму, як Адам і Ева, а потым іх нашчадкі, не паслухалі Бога, таксама людзі з пагардай паставяцца і да Яе закліку. Таму, прадставіўшы візію пекла, прадказаўшы завяршэнне Першай сусветнай вайны і распачацце Другой, ганенні на Касцёл і Святога Айца, пандэмію атэізму і г.д., Марыя адначасова дала надзею, кажучы, што Яе Беззаганнае Сэрца затрыўмфуе і Расія навернецца. Яна выкарыстала слова “Расія”, бо ў тыя часы тут была Расійская імперыя.
Гэтыя словы Марыі разам са словамі Езуса, які назваў апостала Пятра скалой, на якой Ён пабудуе свой Касцёл і брамы пекла яго не перамогуць, сапраўды сталі надзеяй для людзей нашай зямлі. Не было касцёлаў, не было святароў, не было свабоды веравызнання, але было гэтае абяцанне.
І калі прыйшла поўня часу, яно збылося. 8 снежня 1991 г. у Белавежскай пушчы было падпісана пагадненне аб распадзе СССР. А гэта было свята Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі. Пасля трох пакаленняў духоўнага зняволення наш народ атрымаў магчымасць паўстаць да новага жыцця ў Божай праўдзе», — сказаў Мітрапаліт.
«Аднак злы дух не спіць. Завяршыўся час ваюючага атэізму, але распачаўся час матэрыялістычнага, калі ўсё падпарадкавана імкненню да багацця. Менавіта яно вызначае месца чалавека ў грамадстве. Існуе нават спецыяльны часопіс “Forbes”, на старонках якога публікуюцца імёны найбольш багатых людзей свету. І кожны марыць трапіць туды, бо гэта як быццам лакмусавая паперка значнасці чалавека ў сучасным свеце. Калі б мы так імкнуліся да таго, каб быць запісанымі ў часопісе найбольш багатых Божай ласкай людзей, то свет быў бы зусім іншы.
У той жа час мы бачым, што сучасны свет хворы, адракаецца ад Бога, у ім не хапае духоўнасці, якая патрэбна, як паветра, каб свет мог існаваць далей. Гэта новая духоўная Эбола, духоўны рак. Аднак ад яго ёсць лекі — гэта заўсёды актуальны заклік Марыі з Фацімы “маліцеся і навяртайцеся”, заклік, які паўтарае падобны заклік Хрыста да малітвы, навяртання і веры ў Евангелле», — падкрэсліў арцыпастыр.
Па словах арцыбіскупа, хрысціяне не могуць «пакінуць веру ў сваім памяшканні і ісці на вуліцу, на працу, ва ўніверсітэт без яе»: «такое хрысціянства не з’яўляецца аўтэнтычным», «яно не што іншае, як яго карыкатура». «Сучасны свет патрабуе хрысціянскага сведчання. А для гэтага мы павінны быць моцнымі сваёй верай. Свет іграе сваю секулярную і ліберальную музыку і хоча, каб мы танцавалі пад яе. У той жа час мы маем сваю хрысціянскую музыку, яе ноты напісаны Езусам Хрыстом у Евангеллі, і нам нельга фальсіфікаваць іх», — дадаў іерарх.
Гэта, як адзначыў Мітрапаліт, «нялёгкае заданне, але магчымае з Божай дапамогай, якую атрымліваем у Касцёле, найперш у сакрамэнтах». «Сакрамэнт канфірмацыі – гэта сакрамэнт сталага хрысціянства. Бог хоча, каб мы былі не хісткімі, але сталымі ў сваіх поглядах і дзеяннях хрысціянамі. Такімі сталі апосталы пасля спаслання Святога Духа. І такімі мы павінны быць», — звярнуў увагу арцыбіскуп.
Мітрапаліт пажадаў прымаючым сакрамэнт канфірмацыі адкрыцца на дзеянне Святога Духа, каб «стаць падобнымі да апосталаў, праз сведчанне евангельскіх каштоўнасцяў ажыўляць свет Божам духам і гэтым самым змяняць аблічча зямлі».
(DN), (AG)
|