Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч ва ўрачыстасць Унебаўшэсця Пана: «Найважнейшае — запісацца ў кнізе вечнага жыцця»
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
14.05.2015 13:45

14 мая, ва ўрачыстасць Унебаўшэсця Пана, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч цэлебраваў святую Імшу ў мінскім касцёле свв. Сымона і Алены.

У гаміліі, звяртаючы ўвагу на чытанні, якія Касцёл прапануе на гэты дзень, Мітрапаліт адзначыў, што ўсе яны нагадваюць, што пасля завяршэння вызначанай Езусу Яго нябесным Айцом місіі Божы Сын вяртаецца ў Яго дом. «Калі мы едзем у камандзіроўку, то пасля яе завяршэння, пасля выканання даручанага нам задання вяртаемся дадому. Можна сказаць, што і Езус быў пасланы сваім Айцом у камандзіроўку на нашу грэшную зямлю. Яго заданнем было абвяшчаць Божае Валадарства і збавіць чалавецтва. Пасля яго выканання Ён вяртаецца ў свой нябесны дом. З той розніцай, што вяртаецца не толькі як Бог, але і як Богачалавек, як уцелаўлёны Бог», — патлумачыў іерарх.

Па словах арцыпастыра, «Езус рыхтаваў апосталаў да гэтага моманту» і «прадставіў ім некалькі прычын, чаму Ён павінен адысці». «Найперш каб паслаць свайго Духа, які паходзіць ад Айца і дзякуючы якому Ён будзе прысутны па ўсёй зямлі. Калі б Езус не ўзнёсся ў неба і не паслаў Святога Духа, то Ён мог бы прабываць на зямлі толькі ў адным канкрэтным месцы. А так Ён праз Святога Духа прысутны паўсюль», — адзначыў арцыбіскуп.

Таксама, дадаў Мітрапаліт, «Езус казаў, што павінен вярнуцца ў дом свайго Айца, каб падрыхтаваць нам месца». «Мы створаны Богам і з Яго рукі выйшлі. На гэтай зямлі мы не маем сталага месца прабывання. Зямля — гэта як быццам стартавая пляцоўка ў вечнасць. Як вядома, ад старту, напрыклад, ракеты ў космас залежыць паспяховасць усёй яе місіі. Ведаем, што з-за непаладак на старце зусім нядаўна з касмічнай арбіты зышоў касмічны карабель “Прагрэс”, які вёз шмат рэчаў, у тым ліку ежу на міжнародную касмічную станцыю. Ён згарэў у зямной атмасферы. Нашае жыццё на зямлі – гэта старт, і ад яго залежыць, ці ўвойдзем мы на арбіту вечнага шчасця», — заўважыў іерарх.

Нагадваючы, што Езус перад самым сваім Унебаўшэсцем сказаў апосталам, каб ішлі па ўсім свеце і абвяшчалі Евангелле ўсяму стварэнню, Мітрапаліт дадаў: «Гэта мандат і адначасова запавет, які яны атрымалі. Праз апосталаў яго атрымалі таксама і мы. А запавет неабходна выконваць. Гэта адно з найбольш важных заданняў хрысціяніна, і ад яго выканання будзе залежаць як сам працэс евангелізацыі і будучыня хрысціянства, так і наш старт у вечнасць».

Арцыпастыр звярнуў увагу таксама, што Унебаўшэсце Езуса адбылося на вяршыні гары, на якой сёння знаходзіцца невялікая капліца. У капліцы ёсць камень, з якога паводле традыцыі Езус узнёсся на неба, а на камяні знаходзіцца адбітак Яго ступні. «Гэта вельмі сімвалічна. Адбітак ступні нагадвае нам аб тым, што Езус пакінуў на зямлі бачны след. І сапраўды гэта так, — адзначыў Мітрапаліт. — Езус пакінуў след свайго вучэння, Евангелле, як заўсёды жывое і дзейснае Божае слова. Ён пакінуў след заснаванага Ім Касцёла. След служэння бліжняму. След прабачэння, калі з дрэва крыжа прасіў свайго нябеснага Айца прабачыць злачынцам, бо яны не ведалі, што чынілі. Ён пакінуў таксама шмат іншых слядоў. Але найважнейшы след – гэта след справы збаўлення чалавека, дзякуючы чаму мы нанова атрымалі страчаную раней годнасць дзяцей Божых».

«Кожны з нас, жывучы на зямлі і працуючы на ёй, пакідае свой след. Адзін будуе дамы, іншы — машыны, хтосьці лечыць хворых і г.д. Аднак мы павінны пакінуць пасля сябе і духоўны след, якім найперш павінна быць наша жыццё паводле Евангелля і яго абвяшчэнне словам, дзеяннем і сведчаннем», — падкрэсліў іерарх і прапанаваў вернікаў спытацца ў саміх сябе: «Які след мы пакінулі? Гэта след жыцця паводле евангельскіх каштоўнасцяў ці, можа, паводле антыхрысціянскіх тэндэнцый?»

«Вялікі Аляксандр Пушкін пісаў: “Я помнік нерукатворны сабе ўзвёў, да яго не зарасце народная сцежка”. Памяць чалавечая кароткая, не ўсе нават памятаюць аб Богу ці Збаўцы Езусе Хрысце, што ўжо казаць пра памяць аб чалавеку. Для нас, якія створаныя для неба, найважнейшым з’яўляецца запісацца ў кнізе вечнага жыцця. Гэта той помнік, які мы павінны ўзвесці сваім жыццём», — заўважыў Мітрапаліт.

Арцыпастыр пажадаў вернікам, каб урачыстасць Унебаўшэсця Пана схіліла «больш думаць пра нашае вечнае прызначэнне, каб мы да яго імкнуліся вызначананай Богам дарогай».

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.