17 мая, у VII Велікодную нядзелю, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч цэлебраваў святую Імшу ў мінскім архікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі.
У гаміліі іерарх звярнуў увагу на важнасць малітвы. Узгадваючы, што пасля Унебаўшэсця Езуса апосталы сабраліся разам з Марыяй у Вячэрніку і маліліся аб спасланні Святога Духа, арцыпастыр адзначыў: “Гэты факт падкрэслівае значэнне малітвы ў жыцці хрысціяніна. Малітва набліжае нас да Бога, і ў ёй мы звяртаемся да Яго са сваімі просьбамі”.
Мітрапаліт дадаў, што таксама ўсё жыццё Езуса – гэта пастаянная малітва: “перад распачаццем сваёй місіі Ён сорак дзён прабываў у пустыні ў посце і малітве”, “маліўся перад тым, як чыніў цуды”, “маліўся і перад сваёй крыжовай смерцю”.
Разважаючы над чытаннем Евангелля на гэты дзень, у якім Езус моліцца, каб тое, чаму Ён вучыў і чыніў, працягвалася праз тых, каго даў Яму нябесны Айцец, Мітрапаліт патлумачыў: “Такім чынам Езус вучыць нас звяртацца на малітве да Бога з нашымі просьбамі і давяраць Яму”.
“Мы патрабуем як малітвы, так і працы, і адпачынку. Успомнім, што сказаў Езус Марце, якая служыла Яму тады, калі Марыя слухала Яго вучэнне: Марта, Марта, ты клапоцішся аб многіх рэчах, а табе патрэбна толькі адно. Марыя выбрала лепшую частку, якая не будзе адабрана ад яе, - адзначыў арцыбіскуп. - Калі мы не молімся, то ў нашым жыцці наступае пустэча і мы не адчуваем сябе шчаслівымі”.
“Часамі мы таксама не вельмі добра ведаем, што нам на самой справе лепей. Таму, звяртаючыся да Бога з нашымі просьбамі, неабходна заўсёды дадаваць, каб усё адбывалася паводле Ягонай волі”, - дадаў іерарх. Поўны тэкст гаміліі>>>
Нагадваючы, што 18 мая будзе адзначацца 95-я гадавіна нараджэння св. Яна Паўла II, Мітрапаліт нагадаў, што гэтага Пантыфіка ведалі як чалавека сталай і глыбокай малітвы і ён кожны дзень разважаў стацыі Крыжовага шляху.
Кажучы пра тое, што зараз у касцёлах адбываецца Навэнна да Святога Духа, арцыпастыр пажадаў, каб яна стала “часам асаблівага засяроджання на малітве, каб Дух Святы ўмацаваў нас сваімі дарамі з той мэтай, каб мы, па прыкладу св. Яна Паўла II, жывучы згодна з Божым законам, сведчачы евангельскія каштоўнасці і адказваючы на выклікі нашага часу, былі здольнымі змяняць воблік нашай зямлі”. (AG)
|