Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
У Волме прайшла сустрэча духавенства Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
21.05.2015 15:16

21 мая ў парафіі Св. Яна Хрысціцеля ў Волме прайшла пастырская сустрэча святароў і кансэкраваных асобаў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Святую Імшу ў межах сустрэчы цэлебраваў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

У гаміліі іерарх заўважыў, што чытанне Евангелля гэтага дня – частка Першасвятарскай малітвы Езуса перад Яго крыжовай смерцю. У ёй Ён заклікае апосталаў, а ў іх асобах ўсіх вернікаў, да еднасці. “Езус добра ведаў, што Касцёл, як боска-чалавечы арганізм, будзе выстаўлены на розныя выпрабаванні. Адно з такіх выпрабаванняў – недахоп еднасці паміж хрысціянамі розных веравызнанняў, - сказаў Мітрапаліт. - Але не толькі, бо мы вельмі часта адучаваем адсутнасць еднасці паміж намі самімі. Няма еднасці ў сем’ях, паміж народамі, нават і ў парафіяльных супольнасцях. Усё гэта не з’яўляецца хрысціянскім сведчаннем”.

“Аўтар адной кнігі піша, што ёсць два шляхі да дасягнення еднасці. Адзін – гэта быць замарожанымі разам. Другі – быць патопленымі разам. Мы добра ведаем, што калі розныя прадметы знаходзяцца ў вадзе, мароз іх яднае ў адно. Мы ведаем таксама, што калі разам расплавіць розныя металы, то атрымаецца адзін сплаў.

Падчас ганенняў на Касцёл хрысціяне розных веравызнанняў былі аб’яднаныя адной бядой – пераследам. Тады адносіны ўладаў да вернікаў былі вельмі халоднымі, можна сказаць, што гэта былі часы сібірскіх марозаў. Гэтыя часы можна назваць і вельмі гарачымі, бо жар ваюючага атэізму імкнуўся знішчыць веру. Менавіта гэта ўсё дапамагала хрысціянам быць адзінымі, - адзначыў арцыпастыр. - Гэта дапамагала быць адзінымі не толькі хрысціянам паміж сабой, але таксама адзінымі і з нехрысціянамі. Калі ў Маскве на Паклоннай гары адбывалася адкрыццё новай сінагогі, то між іншымі выступаў Натан Шчаранскі, былы савецкі дысідэнт, а ў той час адзін з ізраільскіх міністраў. У сваім выступленні ён падкрэсліў, што, калі ён знаходзіўся ў арышце разам з хрысціянамі, то Святое Пісанне іх усіх аб’ядноўвала. Гэта сапраўды так, бо Стары Запавет той самы як для хрысціян, так і для юдэяў”.

“Аднак Езус заклікае нас да еднасці, якая павінна будавацца не на страху, але на братэрскай любові. Менавіта таму Ён кажа: няхай усе будуць адно, як Ты, Ойча, ува Мне і Я ў Табе. Дзякуючы гэтаму адзінству Сын Божы выканаў волю свайго нябеснага Айца і збавіў чалавецтва ад вечнай смерці”, - дадаў іерарх.

“Адзінства паміж намі павінна стаць падмуркам дасканаласці, да якой мы павінны імкнуцца. Будзьце дасканалымі, як дасканалы ваш нябесны Айцец, - кажа Хрыстус. Калі мы адзіны, то мы сумесна сведчым нашу хрысціянскую ідэнтычнасць. А сведчанне з’яўляецца найбольш дзейсным спосабам евангелізацыі. Калі мы адзіны, то ў цяжкасцях адзін аднаму дапамагаем. Прыкладам ёсць уся гісторыя хрысціянства, пачынаючы ад першых стагоддзяў аж да нашых часоў. Асабліва гэта бачна ў хвіліны выпрабаванняў. Калі мы адзіны, то таксама ўзрастаем у моцы. Нездарма прыказка кажа, што адзін у полі не воін”, - нагадаў Мітрапаліт.

“Мы ўсе разам – біскупы, святары, кансэкраваныя асобы і вернікі – утвараем нашу Мінска-Магілёўскую архідыяцэзію. І паміж намі павінна панаваць еднасць, бо раздзеленае само ў сабе валадарства асуджана на знішчэнне. А мы пакліканы да таго, каб яго будаваць”, - падкрэсліў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Пасля святой Імшы д-р Антун Лісец з Харватыі выступіў з дакладам на тэму сям’і і захавання Божага дару жыцця.

У межах сустрэчы Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч падзякаваў святарам за працу ў гэтым пастырскім годзе.

Таксама арцыпастыр паведаміў, што 24 мая кс. Мiхал Сапель адзначае юбілей 25-годдзя святарства. У касцёле Найсвяцейшай Тройцы (св. Роха) на Залатой Горцы ў Мінску ў 9.00 адбудзецца святая Iмша.

Іерарх нагадаў, што 31 мая ў Мінску пройдзе працэсiя Божага Цела. Пачатак у 9.00 каля касцёла на Залатой Горцы. Да 14.00 у мiнскiх касцёлах у гэты дзень святыя Iмшы не будуць цэлебравацца, аднак у сувязі з тым, што не ўсе вернiкi могуць прайсцi ўсю працэсiю, то, калi яна адыдзе ад касцёла свв. Сымона і Алены, у iм распачнецца Iмша. Таксама пасля завяршэння працэсii адбудзецца Імша ў архікатэдральным касцёле.

Арцыпастыр нагадаў таксама, што пiлiгрымка ў Будслаў ад мiнскай архікатэдры выходзiць 29 чэрвеня пасля Iмшы ў 8.00, роварная пiлiгрымка ў ад'язджае ад Чырвонага касцёла 1 лiпеня пасля Iмшы ў 9.00. Будслаўскiя ўрачыстасцi адбудуцца сёлета 3-4 лiпеня, іх дэвіз – «Марыя – прытулак грэшнiкаў». Працэсiя з копiяй абраза Маці Божай Будслаўскай распачнецца ў санктуарыі 3 ліпеня ў 23.30.

Мітрапаліт паведаміў, што Малітоўная сустрэча моладзі ў Iвянцы адбудзецца сёлета 24-26 лiпеня.

Рэкалекцыi для святароў, як адзначыў арцыбіскуп, адбудуцца 14-17 верасня ў Ляскоўцы, пачнуцца 14 верасня абедам у 13.00 i завершацца 17 верасня ў 10.00. Iх правядзе кс. Андрэй Шут з Пiнскай дыяцэзii.

Мітрапаліт паведаміў таксама, што 12-13 чэрвеня парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Адэльску (Гродзенская дыяцэзія) будзе святкаваць юбілей 525-годдзя. Парадак набажэнстваў: 12 чэрвеня ў 22.00 - Імша ў вігілію свята, 13 чэрвеня адбудзецца Імша ў 9.00 і галоўная Імша ў 12.00.

Наступная пастырская сустрэча святароў і кансэкраваных асобаў архідыяцэзіі пройдзе 17 верасня ў мінскім архікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі.

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.