Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
“Каб Першая Камунія не стала апошняй!”: урачыстасць у вілейскай парафіі
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
25.05.2015 16:02

24 мая, ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога, 37 дзяцей парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Вілейцы першы раз у сваім жыцці прынялі святую Камунію. Да гэтай падзеі дзеці рыхтавалі на працягу двух гадоў праз удзел у катэхезах, нядзельных Імшах і іншых набажэнствах.

На пачатку літургіі пробашч кс. Аляксандр Барыла адзначыў важнасць гэтага дня для ўсяго Касцёла, які ў гэты дзень святкуе свой дзень нараджэння, і для вілейскай парафіі, дзеці якой першы раз у гэты дзень з’ядналіся з Езусам Хрыстом у Эўхарыстыі. “Гэта свята не толькі сем’яў першакамунійных дзяцей, але і ўсёй нашай парафіі, бо гэта нашы дзеці, наша будучыня”, –  падкрэсліў пробашч парафіі. На гэтую важную падзею ў сваім жыцці дзеці папрасілі благаслаўлення ў сваіх бацькоў.

У гаміліі пробашч разам з дзецьмі разважаў пра трэцюю Асобу Святой Тройцы і асаблівым чынам звярнуў увагу на ролю Духа Святога падчас літургіі.

Напрыканцы ўрачыстасці кс. Аляксандр Барыла звярнуўся да бацькоў першакамунійных дзяцей, заахвочваючы іх забяспечыць дзецям далейшае духоўнае развіццё, каб Першая Камунія не стала для іх апошняй.


Кацярына Дурко

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.