Вернікі вілейскай парафіі адзначылі 25-годдзе рэкансэкрацыі святыні разам з біскупам Юрыем Касабуцкім |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
|
08.06.2015 11:50 |
7 чэрвеня адбылася ўрачыстая святая Імша з нагоды 25-годдзя рэкансэкрацыі вілейскай святыні, падчас якой вернікі дзякавалі Богу за адраджэнне касцёла і парафіі Узвышэння Святога Крыжа. Эўхарыстыю ўзначаліў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі, які 18 гадоў таму служыў у гэтай парафіі пробашчам.
На пачатку юбілейнай урачыстасці са словамі прывітання да біскупа звярнуліся людзі старэйшага пакалення, якія 25 гадоў таму віталі біскупа Тадэвуша Кандрусевіча і прымалі ўдзел у святой Імшы на рэкансэкрацыю касцёла. На пачатку літургіі пробашч парафіі кс. Аляксандр Барыла ўзгадаў гісторыю вілейскага касцёла і заахвоціў сабраных дзякаваць Богу за ўсе атрыманыя за 25 гадоў ласкі і адраджэнне парафіі.
Біскуп Юрый Касабуцкі ў гаміліі ўзгадаў гісторыю і выпрабаванні розных часоў, якія, аднак, не змаглі пазбавіць чалавека жывога Бога. “Калі Бог ёсць у сэрцы, то чалавек выйдзе з любых цяжкасцяў. Час ідзе, але мы трываем з Хрыстом. Калі Бог у сэрцы чалавека, то ніхто не зможа адарваць нас ад Яго. Галоўнае, каб мы трымаліся за Бога і мелі Яго ў сваім сэрцы!” – падкрэсліў іерарх, а таксама заахвоціў вернікаў быць сапраўднымі сябрамі Езуса, вучыцца любові, быць блізка Хрыста і выконваць Божую волю.
Напрыканцы гаміліі біскуп пажадаў вернікам: “Каб мы захавалі ў сэрцы веру, пранеслі праз жыццё і перадалі наступным пакаленням. Мы пакліканыя будаваць і ствараць!”
Скончылася юбілейная ўрачыстасць працэсіяй Божага Цела па вуліцах горада. Гістарычная даведка: З 1897 г. вернікі вілейскай зямлі пачалі прасіць дазвол на будаўніцтва касцёла. У 1906 г. дазвол быў атрыманы і пачалося будаўніцтва. На наступны год быў асвечаны вуглавы камень святыні. У 1913 г. касцёл быў пабудаваны і ў 1931 г. кансэкраваны. Аднак ужо ў 1946 г. ён быў зачынены, ператвораны ў зернясховішча, а пазней у выставачную залу. Вернікі з тагачасным пробашчам, кс. Эдмундам Даўгіловічам, змагаліся за вяртанне святыні, пісалі лісты і едзілі да ўладаў. У сакавіку 1990 г. у святыні была цэлебравана першая святая Імша, а 6 чэрвеня 1990 г. тагачасны Апостальскі адміністратар Мінскай дыяцэзіі біскуп Тадэвуш Кандрусевіч рэкансэкраваў святыню.
Кацярына Дурко
|
Фотарэпартаж |