Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч наведаў парафiю ў Дзяржынску ў 25-годдзе святарства яе пробашча (+фотарэпартаж)
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
14.06.2015 17:24

14 чэрвеня Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч узначалiў святую Iмшу ў парафii Св. Ганны ў Дзяржынску, падчас якой пробашч парафіі кс. Рышард Пежхала, якi належыць да Кангрэгацыі Мiсiянераў Святой Сям'i, адзначаў сярэбраны юбiлей прэзбітэрскага пасвячэння.

Нарадзiўшыся ў Польшчы, ксёндз Рышард Пежхала з 25 гадоў святарства 23 прысвяцiў служэнню Касцёлу ў Беларусi i ў свой час выбудаваў касцёл св. Казiмiра ў Лагойску.

У гамiлii Мітрапаліт звярнуўся да Евангелля ХI Звычайнай надзелi, у якой Хрыстус прадстаўляе прынцыпы Божага Валадарства. “Езус Хрыстус у сваiм навучаннi вельмi часта выкарыстоўваў звычайныя жыццёвыя сiтуацыi. На гэты раз Ён параўноўвае Божае Валадарства да зерня, якое гаспадар сее ў зямлю. Недасведчаннаму чалавеку здаецца, што ён марнуе зерне. Аднак гэта зусiм не так. З пасаджанага ў зямлю зерня вырастае багаты плён. Мы павiнны толькi сеяць i палiваць, а ўзрастанне дае Бог”, - сказаў іерарх.

Арцыбіскуп звярнуў увагу, што Езус параўноўвае Божае Валадарства да самага малога зярнятка - гарчычнага. Аднак з яго вырастае вялiкае дрэва, так што нават птушкi могуць гняздзiцца на iм. У iншым евангельскiм аповедзе, адзначыў Мітрапаліт, Езус параўноўвае Божае Валадарства да сейбiта, якi сее зерне, што трапляе на розны грунт. Усё залежыць ад таго, на якую зямлю, на якi грунт яно ўпадзе. “Калі на дарогу, па якой усе ходзяць, - там нiчога не вырасце. Калі памiж церняў, дзе няма сонечнага святла, - таксама нельга спадзявацца на добры ўраджай. Калі на скалiстую зямлю - на ёй зерне хутка прарастае, але i хутка засыхае, бо не можа пусцiць каранёў i таму не атрымлiвае належных сокаў зямлi i не прыносіць плёну. I толькi зерне, якое трапляе на добрую глебу, дае добры плён, - адзначыў арцыпастыр. - Гэтай глебай з'яўляюцца душы людзей, а зернем - Божае слова”.

Мітрапаліт нагадаў, што задача Касцёла - не толькi абвяшчаць Божае слова, але i рыхтаваць глебу, каб яно прынесла добры плён, і Касцёл гэтую задачу выконвае перадусiм праз святароў; ён акрэслiвае iх задачы як навучанне людзей, iх асвячэнне i служэнне iм.


Кажучы аб тым, што галоўнай задачай з'яўляецца абвяшчэнне Божага слова, што i сiмвалiзуе сеянне зерня, іерарх адзначыў: “Ужо больш за 25 гадоў ксёндз Рычард Пежхала сее зерне Божага слова. Не толькi сее, але і праз евангелiзацыю i катэхiзацыю рыхтуе глебу, каб пасеянае iм слова Евангелля прыносiла добры плён”.

25 гадоў ён, дадаў Мітрапаліт, цэлебруе сакрамэнты, “бачныя знакi нябачнай Божай ласкi, якая патрэбна для збаўлення”; 25 гадоў, у любовi служачы людзям, будуе хрысцiянскую супольнасць.

Мітрапаліт падзякаваў юбiляру за яго ахвярную працу ў Касцёле ў Беларусi i ўклад у адраджэнне духоўнага жыцця ў нашай краiне пасля 70 гадоў яе атэiзацыi i пажадаў яму Божага благаслаўлення на далейшае служэнне.

Пасля святой Iмшы вернiкi цёпла падзякавалi свайму пробашчу i пажадалi яму далей паспяхова служыць iм.

(DN), (AG)

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.