14 чэрвеня ў бабруйскім касцёле Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі пры ўдзеле вялікай колькасці вернікаў з Бабруйска і ваколіц быў урачыста асвячаны новазбудаваны алтар Маці Божай Будслаўскай, які ўпрыгожыў правую наву гэтай знявечанай у гады ваяўнічага атэізму святыні, што дзякуючы намаганням мясцовых парафіянаў і духавенства год за годам паволі адраджаецца ў бляску сваёй колішняй прыгажосці. Урачыстую святую Імшу і абрад асвячэння алтара ўзначаліў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі.
Адметнасць гэтага сапраўднага шэдэўра сучаснага сакральнага мастацтва, вытрыманага ў неагатычным стылі, як і ўвесь бабруйскі касцёл, пабудаваны на пачатку ХХ ст., у тым, што гэта — першая і пакуль што адзіная спроба перадаць у скульптуры дарагія кожнаму беларусу рысы Маці Божай з будслаўскай святыні. Такая арыгінальная і смелая задума з’явілася ў папярэдняга пробашча бабруйскай парафіі, а сённяшняга пробашча магілёўскай конкатэдры і дэкана Магілёўскага кс. Юрыя Быкава, які як ганаровы і дарагі госць таксама ўзяў удзел ва ўрачыстасці. Аднак завяршаць рэалізацыю распачатага ім праекту давялося цяперашняму пробашчу парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Бабруйску кс. Андрэю Яркаўцу, які сёлета адсвяткаваў пятнаццатую гадзіну прэзбітэрскага пасвячэння і з гонарам выканаў пастаўленую перад ім складаную задачу.
У гаміліі, прамоўленай на святой Імшы з нагоды асвячэння алтара, біскуп Юрый Касабуцкі, якога добра ведаюць і любяць католікі ўсёй Магілёўшчыны, і асабліва Бабруйска, удзячныя яму за асаблівую душпастырскую апеку гэтай найбольш патрабуючай духоўнага клопату часткі архідыяцэзіі, падкрэсліў вялікую ролю культу Найсвяцейшай Панны Марыі, што сваімі каранямі сягае глыбока ў гісторыю каталіцтва на бабруйскай зямлі. Пастыр заклікаў вернікаў ва ўсім імкнуцца наследаваць Багародзіцу, асабліва ў Яе надзвычайным і простым даверы да Бога і ў імкненні як найлепш выканаць у сваім жыцці Яго святую волю.
Урачыстасць прайшла ў цёплай сямейнай атмасферы, створанай перадусім дзякуючы адчуванню блізкасці Маці Божай, якая з матчынай лагоднасцю і дабрынёй сабрала ўсіх яе ўдзельнікаў вакол стала свайго Боскага Сына.
(AG)
|