Канцэрт старадаўняй музыкі для лютні прайшоў у мінскім касцёле Найсвяцейшай Тройцы |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
|
15.06.2015 14:49 |
Канцэрт старадаўняй музыкі для лютні адбыўся 13 чэрвеня ў мінскім касцёле Найсвяцейшай Тройцы (св. Роха) на Залатой Горцы.
Лютня, якая была шырока распаўсюджана ў часы Cярэднявечча, практычна выйшла з ужытку напрыканцы XVIII стагоддзя. Ціхі і мілагучны, гэты інструмент нібыта звяртаецца наўпрост да чалавечай душы, узбуджае светлыя думкі і памкненні.
У ХХІ стагоддзі ў Беларусі ізноў расце цікаўнасць да лютневага выканальніцтва. Сведчаннем таму стала нават увядзенне адмысловай намінацыі ў Міжнародным конкурсе «Рэнесанс гітары», што традыцыйна адбыўся на пачатку мая ў Гродне. Сёлета пераможцамі конкурсу ў намінацыі «Лютня» стаў дуэт Анастасіі Клюйко і Ірыны Бусько, якія выступілі на канцэрце ў залатагорскай святыні на копіях інструментаў эпохі барока, вырабленых беларускім майстрам Юрыем Дубнавіцкім з Пінска. Разам з мандаліністкай Арынай Лештаковай дуэт прадставіў шырокую панараму твораў для лютні кампазітараў розных краін і эпох – арыі і танцавальныя сюіты з Італіі, Францыі і Германіі.
Творы кампазітараў Вялікага княства Літоўскага выканаў музыкант гурта «Стары Ольса» Ілля Кубліцкі, які іграе на копіі французскай рэнесанснай лютні, зробленай майстрам Вольфгангам Эмерыхам з Германіі.
Наступны канцэрт беларускай духоўнай музыкі адбудзецца ў касцёле на Залатой Горцы 17 чэрвеня, калі выступіць камерны хор «Concordia» пад кіраўніцтвам Галіны Казіміроўскай. (AG)
|