Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Ва ўспамін св. Антонія Падуанскага біскуп Юрый Касабуцкі наведаў Магілёў
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
16.06.2015 18:05

13 чэрвеня — успамін св. Антонія Падуанскага і асаблівы дзень для Магілёва, бо гэты святы з’яўляецца духоўным заступнікам горада ўжо з канца ХVI стагоддзя. Менавіта з гэтай нагоды дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі завітаў у парафію Св. Антонія ў Магілёве, каб далучыцца да парафіяльнага свята.

На ўрачыстую святую Імшу сабралася амаль усё духавенства дэканату, за выключэннем кс. Роберта Мацееўскага, які пазней далучыўся да святкаванняў. Праславіць разам Бога і падзякаваць Яму за Ягоныя ласкі сабраліся не толькі католікі Магілёва, але і вернікі з Чавусаў, Фашчаўкі, Шклова, Горак і іншых мясцін дэканату, а таксама з Полацка.

У гаміліі біскуп Юрый Касабуцкі звярнуў увагу на некаторыя моманты жыцця св. Антонія, паказваючы, як ён давяраўся Богу ў сваім жыцці. «Сёння мы радуемся з таго, што парафія Св. Антонія развіваецца, дзякуючы ахвярнаму служэнню а. Юрыя і а. Віталія. Мы радуемся, што даволі хутка растуць сцены будучай святыні, але яшчэ больш радуемся з таго, што павялічваецца парафіяльная супольнасць», — заўважыў біскуп.

«Сёння таксама айцы кларэтыны адзначаюць патранальнае свята сваёй манаскай супольнасці — успамін Беззаганнага Сэрца Найсвяцейшай Панны Марыі. Таму мы асаблівым чынам сёння просім, каб і а. Юрый, і а. Віталій, і ўся супольнасць місіянераў кларэтынаў былі сапраўднымі Сынамі Беззаганнага Сэрца Дзевы Марыі»,— сказаў іерарх.

Падчас святой Імшы адбылося ўдзяленне сакрамэнту канфірмацыі — сакрамэнту хрысціянскай сталасці.

На заканчэнне Ахвяры Хрыста адбылася эўхарыстычная працэсія вакол будучай святыні. Прысутныя супольна памаліліся гімнам «Цябе, Бога, праслаўляем…», просячы міласэрнага Пана надалей спасылаць свае ласкі на магілёўскую зямлю.

Пасля Эўхарыстыі – духоўнага пасілку – удзельнікі свята мелі магчымасць таксама падсілкавацца фізічна.

Паводле mohylev-katolik.by, (AYU)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.